НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

1996 ГОД. ФРАГМЭНТЫ

1996 ГОД. ФРАГМЭНТЫ

Маніфэстацыя і выезд зь Беларусі

Украіна. Чэхія.

Чарнобыльскі Шлях

Азыль

„Гірынг"

Эпізод

Паміж двух „рэфэрэндумаў"

ЗВАРОТ ДА ДЭПУТАТАЎ ПАРЛЯМАНТУ

Дыскусія ў Вашынгтоне

 

Цяжкі і паваротны быў гэты, 1996 год, у жыцьці Беларусі. Год разбурэньня Беларускай будучыні. Год супраціўленьня наступу каляніяльнай дыктатуры Масквы. Для Беларусі гэта ўжо амаль гісторыя; гісторыя, што доўжыцца, тлее і баліць. Цяжкі і паваротны гэта быў год у маім жыцьці. Ён расьцягнуўся ў часе. Пра палітычную эміграцыю бяссэнсоўна нешта расказываць. Іншым (а і я быў „іншым"), не перажыўшы, зразумець гэта цяжка. Не прышла пара ацэнак. Бо доўжыцца наканаваны шлях.

Палітычнае змаганьне за волю і незалежнасьць Беларусі — гэта мой выбар абавязку перад нацыяй, які мусіць мець кожны беларус.

Змаганьне за Бацькаўшчыну (у любой форме — змаганьне) — гэта не прафэсія і не занятак. Гэта абавязак, місія і ахвяра. Я гэта разумеў зь дзяцінства, бо ведаў гісторыю нашай сям’і, нашага роду, сваіх продкаў — бацькі і дзеда, дзядоў і дзядзькоў.

Ёсьць тры ступені расплаты за небясьпеку палітычнага змаганьня: сьмерць, турма, эміграцыя. Зь іх толькі эміграцыя зьяўляецца працягам палітычнага змаганьня. I толькі ў гэтым заключаецца яе палітычны сэнс.

1996 год здаўся для мяне надзвычай доўгім. Ён быў перапоўнены падзеямі. Я так і не знайшоў і не знаходжу часу, каб іх апісаць, бо цяпершчына, што забірае гэты час, — важнейшая. Таму абмяжуюся некаторымі фрагмэнтамі, што глядзяцца ў сёньняшні дзень.*

Маніфэстацыя і выезд зь Беларусі

У сакавіку 1996 года было трывожна. Масква і рэжым Лукашэнкі, ігнаруючы Канстытуцыю і заканадаўства, рыхтавалі падпісаньне ўмовы пра саюз Беларусі і Расеі. Мэта „саюзу" заключалася ў ліквідацыі незалежнасьці Беларусі і падпарадкаваньні яе Расейскай Фэдэрацыі. Беларускі Народны Фронт плянаваў вялікую маніфэстацыю пратэсту прымеркаваную да Дня Незалежнасьці і 78-й гадавіны БНР. Агентура, дэмпартыі і канфармісты ў Фронце пачалі свае традыцыйныя ініцыятывы па зрыве нацыянальнага мерапрыемства. Тут жа зьявілася контрпрапанова правесьці маніфэстацыю 15-га сакавіка, на Дзень Канстытуцыі, ў „падтрымку дэмакратыі". Пасьля абмеркаваньня на Ўправе БНФ і выслухоўваньня штатных „энтузіястаў дэмакратыі", мы прынялі рашэньне праводзіць маніфэстацыю на Дзень Незалежнасьці (якую прызначылі на 24-га сакавіка ў выходны дзень) і адначасна дамовіліся не пярэчыць ініцыятыве „дэмакратаў". Вырашылі паслаць нават на мітынг 15-га сакавіка сваіх прадстаўнікоў ад усіх структураў БНФ у Менску. Але мы ня мусілі браць на сябе арганізацыю мерапрыемства і ўздым людзей. Бо зразумела, што праз тыдзень вывесьці ізноў тых жа ўдзельнікаў на масавую маніфэстацыю будзе ўжо няпроста.

Мы адрэгулявалі гэтае пытаньне. На 15-га сакавіка плянавалася сабраць некалькі тысячаў удзельнікаў. Гэты мітынг павінен быў папярэднічаць маніфэстацыі, прызначай на 24 сакавіка, і сваёй нешматлікасьцю супакоіць і не насьцярожыць рэжым.

Напярэдадні 15-га сакавіка, позна вечарам, я прыйшоў у сядзібу БНФ і заўважыў там дэмакрата М.Пліску, які насіў нейкія пачкі. „Што ты тут носіш?" — пытаю. „А лістоўкі,"— кажа. Высьветлілася, што мой намесьнік Юры Хадыка пайшоў да дэмакратаў і сказаў, што быццам бы Фронт падтрымлівае ідэю рабіць маніфэстацыю 15-га сакавіка, і што структуры Фронта распаўсюдзяць лістоўкі дэмакратаў, каб узьняць людзей (бо ў дэмакратаў не было структураў).

Я надышоў на гэтую афёру выпадкова і тут жа спытаў у Хадыкі, што гэта значыць. Адказ быў няўцямны. Я вырашыў разабрацца з гэтым пасьля 25-га і прыпыніў самадзейнасьць зь лістоўкамі.

*  *  *

Гэты выпадак мяне не зьдзівіў хоць і насьцярожыў.

Маніфэстацыю 24 сакавіка мы правялі так, як плянавалі. Прысутнічала, па нашых падліках, каля 60-70 тысячаў чалавек. (Па ацэнках міліцыі — 30-40 тысячаў.) Шматлюднасьць маніфэстацыі дазволіла нам прыняць рашэньне ісьці на тэлебачаньне, блякаваць будынак і патрабаваць адкрытага эфіру.

Але забраць эфір (як гэта было зроблена ў 1990 годзе) нам не ўдалося. Усё кіраўніцтва тэлебачаньня зьнікла з будынку. Унутры было поўна ўзброеных АМАПаўцаў. Ужываць сілу дэманстранты былі непадрыхтаваныя, ды й не зьбіраліся. Вырашылі правесьці новую вялікую маніфэстацыю 2-га красавіка, у дзень падпісаньня Лукашэнкам „саюзнай дамовы" ў Маскве. Пра гэта я аб’явіў усім прысутным праз мегафон.

Калі народ разыходзіўся, у раёне будынка КГБ на людзей раптам напалі АМАПаўцы і спэцназ зь міліцыяй. Пачалося зьбіваньне ўсіх падрад. Я бачыў, як амапаўцы правакавалі і нападалі на мужчынаў, якія мірна ішлі па вуліцы і паводзілі сябе спакойна. Гэта было ўжо нешта новае ў дзеяньнях рэжыму.

Вечарам, каля 20-й гадзіны, мы паехалі з жонкай у госьці з нагоды сьвята. Неўзабаве заўважылі, што за намі неадступна цягнуцца два легкавікі. Адарвацца не ўдалося. Тады мы паехалі ў пракуратуру Менска. Легкавікі зьніклі. Я пакінуў заяву ў дзяжурнага пракурора аб перасьледзе нашай машыны і пазначыў нумары легкавікоў.

На наступны дзень, 25-га, я быў з жонкай на адчыненьні сьвяточнай, з нагоды Дня Незалежнасьці, мастацкай выставы ў Палацы мастацтва і яшчэ ў некалькіх афіцыйных месцах, дзе даваў інтэрв’ю для тэлебачаньня, радыё і журналістам. Назаўтра думаў прысутнічаць на Міжнароднай канфэрэнцыі па Чарнобылю.

*  *  *

Нараніцы 26 сакавіка я ўжо выклікаў па тэлефоне машыну і чакаў, каб ехаць на канфэрэнцыю, як неўзабаве пазваніла журналістка Галіна Прыгара (жонка Сяргея Навумчыка) і даведаўшыся, што я ад’язджаю, папрасіла яе пачакаць, бо мела інфармацыю. Прыехаўшы, яна паведаміла, што на канфэрэнцыі мяне чакае міліцыя, каб арыштаваць, а ўвесь наш квартал таксама акружаны міліцыяй і ўзброеным АМАПам. Спыняюць усе машыны, акрамя, як ёй падалося, таксі і правяраюць дакуманты ў тых, хто ў машыне. Яна сказала, што іхны дом таксама блякаваны машынамі КГБ і што хочуць схапіць Сяргея. (Лукашэнка меў да яго асаблівую непрыхільнасьць.)

Усё гэта выглядала праўдападобна, бо вельмі нагадвала кагэбоўскі „новы стыль". Ніякіх пракурорскіх працэдураў ніякіх позваў, як было раней. Схапіць — і ўсё. Я ведаў (быў папярэджаны) пра тры вэрсіі „нэўтралізацыі" маёй асобы: „аўтамабільнай аварыі, забойства ў натоўпе з абвінавачваньнем унутранай апазыцыі ў Фронце супраць мяне (якую акурат пачалі ляпіць) і, нарэшце, — варыянт „турэмнага ўзьдзеяньня". Незразумелы быў зьмест гэтай вэрсіі, але ў выніку яе ажыцьцяўленьня я, па задуме, павінен быў „нэўтралізавацца" сам, і ўжо на свабодзе. (Цяпер, калі „нэўтралізаваўся" Г.Карпенка, зразумела, што арсэналам яны валодаюць, як некалі — не малым.)

Выглядала на тое, што пачалі спрабаваць трэці варыянт. Сусьветны рэзананс ад нашай маніфэстацыі супраць саюзу з Расеяй быў велізарны. У Маскве не чакалі такога павароту падзеяў. Стала зразумела, што ціха праглынуць Беларусь, ды яшчэ выставіць нашу няволю як дабраахвотнае жаданьне беларусаў — ужо ня ўдасца. Лукашэнка і маскоўскія палітыкі не змаглі схаваць сваёй зьбянтэжанасьці і злосьці.

*  *  *

Стоячы ў пад’езьдзе, я задумаўся, што рабіць. Навумчыкава якраз кажа, што Сяргей вырашыў ад’ехаць на Украіну і што, на яе пагляд, мне таксама лепш было б адлучыцца зь Беларусі, што ёсьць магчымасьць дапамагчы мне выехаць у Кіеў, дзе мне заўсёды паспрыяе мой сябра, кіраўнік Народнага Руху Ўкраіны Вячаслаў Чарнавіл.

Я добра разумеў сітуацыю ў Беларусі і тое, куды яна паварочваецца, і тое, што рыхтавалася для мяне. Трэба было прымаць рашэньне, да якога я быў не гатовы. Але, як кажуць, на вайне, як на вайне. Паўтараць памылкі Цьвікевіча, Тарашкевіча, Ластоўскага ды іншых адраджэнцаў я не зьбіраўся. I добра перадумаў гэта яшчэ ў раскапанай курапацкай расстрэльнай яме, стоячы над трупамі.

Акурат прыехала выкліканая мной машына. Я сказаў калегу-фронтаўцу, што паеду іншай машынай і каб ён ад’ехаў праз паўгадзіны пасьля майго ад’езду. Я падняўся ў дом, узяў замежны пашпарт і дакуманты. Мы выехалі з Галінай Навумчыкавай задворкамі на таксі. Праз шкло я бачыў на ўездах у квартал амапаўцаў з аўтаматамі і рэгуліроўшчыкаў (хаця што тут рэгуляваць).

Яшчэ тры дні я быў у Менску, удакладняў сітуацыю і афармляў недаробленыя справы. Пра мой выезд ніхто ня ведаў, нават жонка. Ня верылася і не меркавалася, што ад’язджаю надоўга.

Цэлую ноч нашу машыну з украінскімі нумарамі рускія памежнікі пратрымалі на руска-украінскай мяжы. Не хацелі прапускаць, не тлумачылі прычынаў. Гэта мне здалося падазроным. Але пад раніцу праехалі.

Ішоў густы белы-белы сьнег.

Украіна. Чэхія.

Тыдні, праведзеныя на Украіне і ў Чэхіі, мелі, перш за ўсё, тое значэньне, што была істотна прабіта інфармацыйная блякада вакол падзеяў на Беларусі. Грамадзкасьць гэтых краінаў, журналісты і палітычныя дзеячы атрымалі цэлы пакет інфармацыі пра сутнасьць падзеяў, якія адбываліся ў Менску і перш за ўсё — пра дачыненьні паміж Беларусяй і Расеяй.

На Украіне зьмест палітыкі па падрыхтоўцы аншлюсу Беларусі Расеяй можна было доўга не тлумачыць. Украінцы разумелі хутка. Не марудзячы, зрэагавала расейская пятая клёна. У Вярхоўнай Радзе Украіны выступілі камуністы з скандальным асуджэньнем украінскага тэлебачаньня, якое дае экран, як яны казалі, „фашысту-Пазьняку". (Ярлыкі аднолькавыя, бо зробленыя ў адным месцы.) Гэтая выхадка выклікала абурэньне ва ўкраінскіх СМІ. Камуністаў абверглі і раскрытыкавалі. На двух мітынгах у Кіеве, на якіх я прысутнічаў і выступаў украінцы (удзельнікі мітынгаў) падыходзілі, ціснулі руку, выказвалі салідарнасьць, казалі цёплыя словы, прапаноўвалі нават грошы на падтрымку існаваньня.

*  *  *

У Празе, акрамя тэле-экрану, радыё-эфіру і друку мы з Сяргеем Навумчыкам яшчэ мелі шэраг палітычных спатканьняў у Міністэрстве замежных справаў і ў Адміністрацыі Прэзыдэнта Вацлава Гавэла. Тут ужо вельмі добра адчувалася, што Беларусь Захадам прададзеная, і ў Чэхіі гэта ведаюць. Пераламаць становішча трэба было за даволі кароткі час. Істотна, што чэхі былі дабразычлівымі і адкрытымі на наш візіт. Добра дапамаглі пражскія беларусы, і асабліва Вячка Станкевіч.

Памятаю, у час спатканьня з кіраўніком Адміністрацыі Прэзыдэнта Чэхіі вядомым раней дысідэнтам Іванам Мэдэкам, той ня змог схаваць недаверлівай усьмешкі, калі я сказаў яму пра авантурныя пляны Лукашэнкі стаць прэзыдэнтам Расеі і што расейцы ў гэтым яму пакуль не пярэчаць, каб той стараўся „інтэгравацца" з Масквой. Тады гэта ўсё для чэшскага палітыка здавалася фантазіяй субяседніка.

Праз два гады (восеньню 1998 года) я зноў сустракаўся з Мэдэкам. Цяпер ён ужо не ўсьміхаўся.

Да таго часу адбыліся вялікія перамены ў эўрапейскіх паняцьцях пра беларускія палітычныя дачыненьні з Расеяй. Раней я бачыў такія ўсьмешачкі ў Парыжы, у Лёндане, і нават у Вашынгтоне. Але потым усе сталі сур’ёзнымі.

Памятаю, у пачатку красавіка 1996 года, калі мы былі ў Празе, выступаў па тэлебачаньні Дзяржсакратар ЗША Крыстафэр і, кажучы пра нашу дэманстрацыю 24 сакавіка ў Менску і пра лукашэнкаўска-расейскую „інтэграцыю", адзначыў, што няма на гэта згоды беларусаў, што афіцыйная інфармацыя Масквы і Менска не адлюстроўвае ўсю праблему, і што сьведчаньнем гэтаму ёсьць дэманстрацыя ў Менску. „Нават калі б супраць былі толькі гэтыя трыццаць тысячаў дэманстрантаў — сказаў тады Крыстафэр, — мы таксама мусім іх улічыць."

Чарнобыльскі Шлях

У Польшчу мы прыехалі з Сяргеем Навумчыкам і Галінай Прыгарай ноччу 10-га красавіка. Мы мелі там вельмі насычаную праграму. Фактычна, усе палітычныя дзьверы (акрамя прэзыдэнта і колішніх камуністаў) былі адчыненыя перад намі, асабліва — палітычнай правіцы і салідарнасьцёўцаў, а таксама радыё і тэлебачаньня. Часам прыходзілася да васьмі разоў на дзень выступаць у адкрытым эфіры.

24-га красавіка мы ўтраіх прыехалі ў Гданьск на спатканьне з Лехам Валэнсам. Размова перад тэлекамэрамі, аднак, была даволі агульнай і мяне не задавальняла. Напярэдадні я вырашыў ня гледзячы на небясьпеку, паехаць у Менск на Чарнобыльскі Шлях — маніфэстацыю, якую наладжваў Беларускі Народны Фронт у сувязі з 10-й гадавінай Чаврнобыльскай трагедыі. Мне патрэбная была пэўная зарука дапамогі з боку Леха Валэнсы ў выпадку дрэннага павароту падзеяў (якія, на маю думку, былі непазьбежнымі).

Калі тэлекамэры прынялі, Л.Валэнса сказаў, што ён на маім месцы таксама паехаў бы на 10-годдзе Чарнобылю і паабяцаў мне сваю падтрымку на выпадак рэпрэсіяў супраць мяне.

Вечарам мы вярнуліся ў Варшаву дзе мне прышлося вытрымаць цэлую баталію з Навумчыкам, выслухаць крыўды і абвінавачваньні ў мой бок. Я катэгарычна забараніў яму ехаць са мной у Менск, з чым ён не жадаў пагадзіцца. Але было б верхам неразумнасьці апынуцца ў Менску ўдвух у адной камэры. Адзін павінен застацца за мяжой, каб у выпадку неабходнасьці, абараняць другога, інфармаваць вольны сьвет аб рэальнай сітуацыі на Беларусі. (Потым Сяргей сам пераканаўся, наколькі правільным было такое рашэньне.)

У Менск мы выехалі з Галінай Навумчыкавай вечарам 25-га. У дарозе, на мяжы і на вакзале ў Менску з службоўцамі рэжыму адбываліся дзіўныя справы, пра якія я яшчэ й цяпер не хачу адкрыта гаварыць. Але ў выніку гэтых „справаў" мяне не змаглі ўзяць на менскім вакзале, удалося нават адарвацца ад „хвастоў" у горадзе, і ніхто ня ведаў, куды я канкрэтна прыехаў, дзе спыніўся. Неўзабаве ўсё было паведамлена ў сядзібу Фронта, створаная ахова, і я апынуўся ў самай гушчы Чарнобыльскага Шляху.

Ужо ў час выступаў ля Палацу спорту стала вядома, што КГБ прыняло рашэньне ўзяць мяне адразу пасьля мітынгу. Я паехаў мікрааўтобусам у сядзібу Фронта. Са мной быў Ю.Хадыка і сем чалавек аховы. Ззаду прыстроіліся аўтобусы з АМАПам. Каля перакрыжаваньня АМАП памкнуўся ісьці на абгон, каб заблякаваць наш „Рафік". Але пад колы іхняга аўтобуса нечакана выбег сабачка, і шофер інстынктыўна затармазіў. Мы праехалі на жоўтае сьвятло, а перасьледчыкі спыніліся перад чырвоным.

У сядзібе трэба было вырашыць шмат справаў. Увесь час, пакуль мы праводзілі свае нарады, размовы ды перамовы, на вуліцы пад вокнамі стаялі два аўтобусы з АМАПам. Дзесьці паміж 22-й і 23-й гадзінамі пачаўся штурм. У кабінэт ускочыў дзяжурны фронтавец і сказаў, што ў пярэдні пакой ужо ўварваліся. Для таго, каб выйсьці незаўважаным, заставалася літаральна адна-паўтары секунды. Мы скарысталі гэтыя секунды і вышлі праз запасны выхад ў цёмны закрыты двор, адкуль было толькі адно выйсьце — на вуліцу да аўтобусаў АМАПу. Але мы знайшлі іншы выхад з тупіка. Тут вельмі растаропна спрацавалі мае сябры. Акрамя Галіны Навумчыкавай, не магу пакуль называць іхныя прозьвішчы і апісываць дэталі.

Праз нейкі час мы былі ўжо на ўскрайку Менску, і я кажу Ю.Хадыку: „Цябе заўтра, верагодна, што забяруць. Раю паасьцярожнічаць і пару дзён перачакаць, пакуль у іх гарачка пройдзе і нешта праясьніцца." „Ня думаю, што яны на такое пойдуць,"— сказаў упэўнена Хадыка і паехаў дахаты. Нараніцы яго забралі.

*   *   *

Я знаходзіўся ў Менску да 8-га траўня, напісаў некалькі артыкулаў і даслаў у рэдакцыі ("Дурань шукае ворагаў, разумны сяброў", „Беларускі шлях" і інш.). У так званым „незалежным" друку пачалася шалёная траўля маёй асобы ў сувязі з маёй падтрымкай барацьбы чачэнцаў за незалежнасьць і аб’яўленьнем на мітынгу хвіліны маўчаньня па Джахару Дудаеву, якога расейцы подла забілі 21 красавіка. Залямантавала журналісцкая агентура ўсіх масьцяў і афарбовак. Нянавісьць супраць беларускага нацыянальнага адраджэньня і маёй асобы яднала іх у зграю. Зрэшты, можа, і не нянавісьць, а проста даляры, і нават рублі. Нянавісьць аплочваецца.

У газэтах прачытаў, што Лукашэнка даў разнос вышэйшаму кіраўніцтву КГБ і МУС за тое, што „упустили Пазьняка". На ўсе межы Беларусі быў пасланы яго цыркуляр з загадам „З.Пазьняка і С.Навумчыка пры ўезьдзе-выезьдзе — затрымаць". Супраць мяне ўзбудзілі крымінальную справу.

Існавала некалькі варыянтаў выезду, які мне рыхтавалі розныя людзі. Я зноў скарыстаўся варыянтам Галіны Прыгары і выехаў на Украіну. На гэты раз падарожжа было дрэнна ўзгодненым і небясьпечным. Прыйшлося пайсьці на рызыку, але Бог дапамог.

9-га траўня я ўжо быў у Кіеве. Тут я даведаўся, што КГБ Беларусі зьвярнуўся ў КГБ Украіны, каб тыя выдалі мяне беларускім уладам. Пра гэта Старшыня ўкраінскага КГБ напрасткі паведаміў Вячаславу Чарнаволу. Украінцы, вядома, не зьбіраліся мяне выдаваць. Яны далі мне нават машыну суправаджэньня да мяжы з Польшчай, каб прадухіліць нечаканасьці. Распарадзіўся Вячаслаў Чарнавіл.

Цяпер, успамінаючы гэты час, мне моцна баліць душа. Нішто мяне так не ўразіла, не падкасіла, ня выклікала такой скрухі за гады эміграцыі, як забойства Вячаслава Чарнавола ў 1999 годзе. Я нават не здагадваўся, які дарагі мне быў гэты прыхільны чалавек. Не магу зьмірыцца, што ён не жыве. Тады, у траўні 1996 года, мы неяк размаўлялі ўдваіх у сядзібе Руху і я папярэдзіў, каб ён быў уважлівы і сьцярогся, бо Масква выкарыстоўвае адно і тое ж клішэ для Беларусі і для Украіны. Будзе наступ на Рух, казаў я. Тое, што мералі на мяне, могуць прымераць і на яго. Памятаю, што ён успрыняў мае словы сур’ёзна і неяк, нібы лякнуўшыся, задумаўся.

Праз тры гады яго ня стала. Прымеркавалі стандартную схему з грузавіком. Аўтамабільная катастрофа. Забілі вялікага сына Украіны. Як цяжка. Як шчымліва стаіць мне ў ваччу яго вобраз...

*   *   *

У Кіеве я затрымаўся на пяць дзён, пакуль аформіў усе справы на пераезд у Польшчу. Тым часам Сяргей Навумчык распачаў у Варшаве энэргічную дзейнасьць па вызваленьні з-пад арышту Ю.Хадыкі і В.Сіўчыка. 14-га траўня я прыехаў у Варшаву, і мы заняліся іхным вызваленьнем разам.

Было, аднак, зразумела, што ніякія нашыя выступы па польскім радыё ды ў тэлебачаньні, ніякія подпісы пад петыцыямі да Лукашэнкі вядомых польскіх дзеячоў культуры і мастацтва — не дапамогуць. Гэта тое самае, што зьвяртацца да Садама Хусэйна ці да талібаў. Але паколькі кагэбоўскім рэжымам на Беларусі рэальна кіруе Масква, то адзіны чалавек, які мог бы паўплываць на Лукашэнку, быў Ельцын. Вядома, мы разумелі, што дарэмна было каму-небудзь да яго зьвяртацца (мы не наіўныя людзі). Гэта не дало б выніку. Але можна было б скарыстаць нейкую яго залежнасьць.

Такая магчымасьць надарылася. У Варшаве якраз быў вядомы расейскі думскі дзеяч Сяргей Кавалёў. Сяргей Навумчык праз Марэка Навіцкага (польскі праваабаронца) зьвязаўся з Кавалёвым. Дамовіліся, што Кавалёў пагаворыць з Г. Яўлінскім. Яўлінскі тым часам зьбіраўся у карысьць Ельцына здымаць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах і павінен быў спаткацца зь ім, каб абгаварыць умовы свайго рашэньня. Сяргей Кавалёў паабяцаў што папросіць Яўлінскага, каб той, пры сустрэчы зь Ельцыным, адной з умоваў свайго выхаду з прэзыдэнцкай гонкі паставіў вызваленьне з-пад арышту В.Сіўчыка і Ю.Хадыкі ў Менску. (Каб Ельцын запатрабаваў ад Лукашэнкі іхняга вызваленьня.)

Як гэта ні дзіўна, але Яўлінскі выканаў просьбу Кавалёва. Ельцын тут жа, у прысутнасьці Яўлінскага, падняў слухаўку і сказаў „асвабадзіць". Арыштаваных выпусьцілі.

*   *   *

Асаблівае змаганьне за вызваленьне нашых калег тлумачылася тым, што Сіўчык і Хадыка аб’явілі галадоўку. Але на рэжым Лукашэнкі і на яго асабіста такія ўчынкі ня дзейнічаюць, нават калі б у абарону галадуючых паўстаў бы ўвесь заходні сьвет. Пры зацятасьці бакоў справа магла набыць вельмі небясьпечны кшталт. Асабліва нас непакоіў Сіўчык. Кволы, худы і ўпарты, ён, як мы меркавалі, наражваў сябе на сур’ёзную небясьпеку.

Потым аказалася, што так яно й было. Сіўчык замардаваўся галадоўкай (якую, да таго ж, ніхто яму не падказаў як правільна праводзіць) і адчуваў сябе блага.

Хадыка, як чалавек адукаваны, пазьбег непрыемнасьцяў і галадаў „па навуцы": кожны дзень ставіў сабе клізму (каб не дапусьціць самаатручваньня арганізму), піў ваду і г.д.

У канцы траўня ў нас зьявілася магчымасьць паехаць у Вашынгтон, дзе нам рыхтавалі насычаную праграму палітычных спатканьняў на добрых узроўнях. Мы скарысталі такую магчымасьць.

Азыль

У самым пачатку ліпеня мы з Сяргеем вылецелі ў Лёндан, дзе плянавалася некалькі палітычных спатканьняў, у тым ліку — у Міністэрстве замежных справаў Вялікабрытаніі. У 1995 годзе, падчас майго афіцыйнага візіту сюды, як кіраўніка парляманцкай Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, я меў спатканьне тады ў Брытанскім МЗС з адным з намесьнікаў Міністра, спэцыялістам па Індыі ды Пакістану. Пасьля спатканьня ў мяне склалася ўражаньне, што Брытанская імпэрыя жыве і разьвіваецца, асабліва, калі я слухаў глыбокадумныя развагі пра Беларусь. Цяпер мы мелі спатканьне з кіраўніком аддзелу МЗС па Усходней і Цэнтральнай Эўропе. На століку перада мной ляжала прадбачліва не прынятая візітоўка Міністра замежных справаў Беларусі Івана Антановіча (які, значыцца, прысутнічаў тут перад намі). Я адразу зразумеў гэты прыхільны жэст гаспадара офіса і без падрыхтоўкі пачаў гаварыць па сутнасьці пытаньня. I не памыліўся. Поўнае ўзаемаразуменьне.

*   *   *

6-га ліпеня мы прыляцелі ў Вашынгтон. Праграма палітычных спатканьняў, якая доўжылася 10 дзён, нас задаволіла.  У гэты час мы даведаліся, што ў Варшаву прызначылі спэцыяльна ўпаўнаважанага чыноўніка пры беларускай амбасадзе, задача якога — выяўляць уцекачоў, на якіх заведзеная крымінальная справа, і спрыяць іхнай выдачы ў Беларусь. Ніякага статуса ў Польшчы я ня меў, а крымінальную спаву (і, здаецца, не адну) Лукашэнка мне ўжо ціха „павесіў". Я не сумняваўся, што палякі, гэтак жа, як і ўкраінцы, мяне ня выдадуць. I тым ня менш, усё гэта сьведчыла пра намеры рэжыму. Неўзабаве скандальны камуніст у рускай Думе В.Ілюхін заявіў што ён атрымаў зьвесткі, нібыта ў Польшчу заслана „18 амэрыканскіх афіцэраў ЦРУ" з заданьнем забіць аднаго ці двух лідараў БНФ, зваліць віну за забойства на А.Лукашэнку і такім чынам скампрамэтаваць „беларускага прэзыдэнта".

Пачаўся гучны скандал, у час якога зьявілася мноства інтэрв’ю. М.Мясьніковіч (кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі) пацьвердзіў на прэсавай канфэрэнцыі, што правакацыя ЦРУ, відаць, на яго думку рыхтавалася, аднак Ілюхін, як ён сказаў — раскрыў канфідэнцыйную інфармацыю.

Наконт „афіцэраў ЦРУ" — гэта несусьветнае глупства. (Там і „афіцэраў" няма, ЦРУ — цывільная ўстанова.) Але, тым ня менш, зразумелы быў сэнс дзеяньняў супраць мяне ў Польшчы.

Неўзабаве нам пазванілі ў Нью-Ёрк з Прагі і паведамілі пра канфідэнцыйную размову ў Менску зь вядомай нам асобай у Генеральнай пракуратуры Беларусі, дзе прасілі папярэдзіць, што аддадзены загад і распрацоўваецца плян „нэўтралізацыі" мяне ў Польшчы.

Мы пайшлі на рызыкоўны крок: пазванілі ў Менск той асобе і, не называючы нікога і нічога, спыталі, ці праўда „тое, пра што казалі таму". „Гэта праўда, і вельмі сур’ёзна," — быў адказ.

Прааналізаваўшы сітуацыю, мы прышлі да высновы, што вяртацца ў Польшчу нельга. Вісець у паветры — беспэрспэктыўна. Можна было б прасіць палітычны азыль у ЗША, але былі сумненьні. Я добра разумеў, што для ўраду ЗША гэта будзе выбар паміж мной і Лукашэнкам, паміж усімі антырэжымнымі сіламі ў Беларусі і афіцыйным кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь. Гэта дастаткова сур’ёзны палітычны крок, і я ня быў упэўнены, ці стане Амэрыка яго рабіць.

Але калі б такі крок адбыўся, то ён стаў бы наймацнейшым ударам па рэжыму Лукашэнкі і ў пэрспэктыве (лягічна) мог бы прывесьці да ізаляцыі гэтага рэжыму. Сваім азылем, які схіліў бы Адміністрацыю ЗША да выбару ў наш бок, можна было б забясьпечыць істотную палітычную падтрымку для свободы і незалежнасьці Беларусі. Выбар Амэрыкі ня мог бы застацца бязвыніковым.

3 другога боку, калі мы прайграем, і справа з азылем зацягнулася б у доўгае балота, — гэта быў бы сьмяртэльны ўдар ня толькі па маёй палітычнай пэрспэктыве, але й па ўсім беларускім Адраджэньні, па ўсёй беларускай нацыянальна-вызвольнай палітыцы. Неабходна было ўсё ўзважыць і параіцца з амэрыканскімі беларусамі. Адбылася нарада ў Нью-Ёрку з аўтарытэтнымі дзеячамі беларускай дыяспары, дзе сумесна была прааналізаваная сітуацыя і вырашана пытаньне аб неабходнасьці палітычнай эміграцыі.

У цэлым, уся актыўная беларуская палітычная эміграцыя ў Нью-Ёрку, Нью-Джэрзі, Кліўлендзе і Вашынгтоне мяне падтрымала. Пачаліся перамовы з кангрэсмэнамі (дэмакратамі і рэспубліканцамі). Вельмі сур’ёзна ўзяліся за справу і дапамагалі рэспубліканцы, асабліва кангрэсмэн Марцін Хок. 30 ліпеня была пададзена заява пра азыль.

Назаўтра, пасьля нашага звароту з просьбай аб палітычным прытулку, усе інфармацыйныя агенцтвы сьвету перадалі гэта, як важнейшую міжнародную падзею. Прытым інфармацыйная ўвага не зьмяншалася праз доўгі час.

Тут жа пачалася шалёная контрдзейнасьць рускай дыпляматыі і беларускай амбасады. Справа з азылем стала зацягвацца на даўжэйшы час. Рускія, пасьля шэрагу няўдалых супрацьдзеяньняў занялі вельмі небясьпечную пазыцыю. Яны як быццам бы не аспрэчвалі магчымасьці нашага азылю, але тактоўна прасілі амэрыканскія ўлады не сьпяшацца і зрабіць гэта не адразу, а праз нейкі час, пазьней, каб захаваць прэстыж Лукашэнкі і г.д. Гэта было якраз тое, на што мог пагадзіцца прэзыдэнт Клінтан. Над намі пачалі згушчацца хмары. Я тут жа напісаў ліст прэзыдэнту Клінтану з просьбай вырашыць пытаньне ў наш бок, нагадаўшы яму пра 1994 год і яго візіт у Менск (сустрэчу са мной і т.п.)

Супроцьстаяньне, ціск расейцаў і лукашэнкаўскай амбасады павялічваліся, і неўзабаве справа з іхнага боку сапраўды дайшла да прэзыдэнта.

У Нью-Ёрк на канфэрэнцыю арганізацыі Х’юман Райтс Вотч па праблемах парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, на якой мы выступалі з дакладамі, прыехаў высокі чыноўнік Дзяржаўнага Дэпартаманту, кіраўнік Усходняга аддзелу Беларусі, Украіны, Малдовы Джак Сігал і холадна паведаміў нам, што справа з нашым азылем будзе вырашана станоўча, але мы не павінны спадзявацца ні на якую матэрыяльную дапамогу ад амэрыканскай дзяржавы. Ніякай матэрыяльнай падтрымкі мы мець ня будзем.

Мне гэта было непрыемна і крыху дзіўна чуць. Я не лічыў сябе Далай-Ламам** і Беларусь — не Кітай, а мне даюць зразумець, што хочуць трактаваць мяне як шэраговага эмігранта. Таму я таксама адказаў жорстка і коратка: „Нам ня трэба вашых грошай, нам трэба азыль." Пасьля гэтага Сігал вярнуўся ў Вашынгтон.

Прэзыдэнт Клінтан падтрымаў нас у клясычным дыпляматычным стылі, сказаўшы, што хай будзе так, як вырашыць Міністар юстыцыі Джанэт Рэно (рэспубліканка). Пазыцыя Джанэт Рэно была вядомай, і неўзабаве, 23 жніўня, справу вырашылі ў наш бок.

Гэта была рэальная палітычная перамога. Беларускае пытаньне ўдалося стабільна вывесьці на міжнародны ўзровень, прыцягнуць увагу да падзеяў. Дачыненьні да рэжыму ў Беларусі выразна акрэсьліліся, за ім назіралі, заўважалі яго аўтарытарнасьць і недэмакратычнасьць, несправядлівасьць у дачыненьні да людзей. Ацэнкі былі адмоўнымі. Лукашэнка сваімі дзеяньнямі ўмацаваў гэтыя ацэнкі.

Інфармацыя пра наш азыль зноў стала ў першым шэрагу міжнародных паведамленьняў. Пазьней мне перадалі, што Лукашэнка, даведаўшыся пра азыль, узбудзіўся і страціў раўнавагу. Ён скочыў за руль аўтамабіля і, кінуўшы ахову пагнаў у накірунку Шклова. Ахова быццам бы потым шукала і даганяла яго. Цалкам верагодна.

У Вашынгтоне таксама рабіліся цікавыя справы. Стала вядома, што павіншаваць нас з азылем быццам бы зьбіраецца віцэ-прэзыдэнт Ал Гор. Але каб гэтага не адбылося, антаганісты, якія не сімпатызавалі Гору зрабілі так, што працэдуру азылю мы праходзілі ў суботу 23 жніўня, і дзеля гэтага адчынілі вашынггонскі офіс іміграцыйнай службы ў выходны дзень. Дзіўная краіна Амэрыка.

„Гірынг"

Адразу пасьля атрыманьня азылю мы сталі дамагацца слуханьняў у Кангрэсе ЗША па палітычных праблемах Беларусі. Слуханьні прадугледжваюць доўгі парляманцкі працэс, з мноствам дакладаў, працай камісіяў і г.д. Нам прапанавалі правесьці аднадзённае слуханьне па акрэсьленай тэме (так званы „гірынг").

Гірынг адбыўся ў кастрычніку. Я напісаў даклад, падрыхтаваў інфармацыйныя матэрыялы і рыхтаваўся, як заўсёды, напачатку растлумачыць простыя ісьціны, бо звычайна задавалі пытаньні пра Беларусь больш пазнаваўчага сэнсу і агульнага значэньня.

Мы былі прыемна зьдзіўлены, аднак, калі ўбачылі, што заля Кангрэсу, дзе адбываліся слуханьні, перапоўненая (нават не хапіла месцаў), а пытаньні, якія задавалі прысутныя, і іхныя выступы былі канкрэтныя, з добрым веданьнем сутнасьці справы і сітуацыі ў Беларусі. „Нарэшце, лёд крануўся",— падумалі мы, убачыўшы гэтулькі людзей, якія прафэсійна цікавіліся беларускай палітыкай.

На добрым узроўні валоданьня тэмай выступіў таксама Джак Сігал, дэпутаты Кангрэсу, прадстаўнікі камісіяў і камітэтаў абодвух палатаў Кангрэсу аналітыкі і палітолягі. Ад беларусаў выступалі яшчэ Янка Запруднік і доктар Вітаўт Кіпель. Першае слуханьне з удзелам новай эміграцыі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху паказала, што паварот Амэрыкі на падтрымку суверэнітэту і дэмакратыі ў Беларусі і крытычная ацэнка рэжыму Лукашэнкі выразна вызначыліся ў амэрыканскай палітыцы.

Дадаць у: