НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Аб маральнай нізасьці

Аб маральнай нізасьці

            У Сеціве я прачытаў характэрную цытату пісьменьніцы С. Алексіевіч (якая жыве на Захадзе). Вось гэтая цытата: Я помню свой тогдашний разговор с Зеноном Позняком (ред. - в 90-ые годы лидер БНФ, ныне - председатель партии КХП БНФ), услышанное повергло меня в ужас. Он говорил о том, что надо создать общество памяти полицаев, кто защищал, якобы, Беларусь. Я представила, что будет, если выйти с этим предложением к нашему народу без соответствующей культурной подготовки. Без разделения тех полицаев, без понимания, кто и за что там воевал.“ (Інтэрв’ю для “Нямецкай хвалі”; спасылка: http://www.dw-world.de/dw/article/0,,4435897,00.html, перадрукаванa Хартыяй-97  http://www.charter97.org/ru/news/2009/6/29/19587/ і вэб-сайтам партыі АГП http://www.ucpb.org/?lang=rus&open=20923

            Гэта -- узровень колішняга “Политического собеседника” (часопіс ЦК КПБ, які паліваў брудам Быкава, Адамовіча і Беларускі Народны Фронт).   Усё нэгатыўнае і  дрэннае, што цягам гадоў  напісана і сказана пра Беларускае Адраджэньне Сьвятланай Алексіевіч, у маральным пляне ўсё ж менш нізкае, у  параўнаньні з гэтай цытатай. Справа ў тым, што я ніколі ня меў зь ёй ніякай гаворкі. Я ня ёсьць асабіста знаёмы з С. Алексіевіч (як і яна са мной). Я не знаёмы зь ёй. Я бачыў яе адзін раз у асяроддзі іншых людзей (Я. Будзінаса і нейкіх маскоўскіх паэтаў) і, паўтараю, ні пра што зь ёй не размаўляў, нават пра надвор’е. Чалавек яна для беларускай справы чужы і варожы, яна мяне абсалютна не цікавіла.

          Уласна, на гэтым можна было б і скончыць – Алексіевіч хлусіць, размовы зь ёй увогуле не было. Але яна плюнула ў памяць пра дарагіх мне людзей.

            Мой бацька ваяваў на фронце і ў сьнежні 1944-га загінуў у барацьбе з нямецкім фашызмам. Мой родны дзядзька таксама ваяваў у Чырвонай арміі з гітлерскім нацызмам з 1941-га па 9-га лютага 1945-га і згарэў ў танку ва Усходняй Прусіі. Таму тое, што цяпер сказала Алексіевіч, гаворыць пра інтэлектуальную бессаромнасьць і маральны ўзровень гэтай асобы (не кажу ўжо пра дзікую ідэю і выказваньне, якое яна для мяне прыдумала).  

            Дваццацігадовая расейска-камуністычная прапаганда па скрыўленьні майго вобразу (“Пазьняк--сын паліцая”, “Пазьняк сам быў паліцаем”, “Пазьняк расстрэльваў падпольшчыкаў”, “Пазьняк будзе вешаць камуністаў”, “Пазьняк пазбавіць пэнсыяў пэнсіянэраў”, “Пазьняк выганіць ўсіх рускіх” і г. д.) --  даўно, яшчэ ў 90-ых,  дасягнула парогавай мяжы -- стварыла 15-20 адсоткаў апрацаваных людзей. Цяпер высілкі антыпазьнякоўскай прапаганды ў Беларусі накіраваныя на адчайнае падтрыманьне гэтага парогу. Наперад яны ўжо не прасоўваюцца. Прытым жыцьцё дубасіць гэтых “прапагандыстаў” так, што нават “Советская Белоруссия” і Лукашэнка вымушаныя прамаўляць ідэямі і словамі Пазьняка дваццацігадовай даўнасьці (ды яшчэ і як прамаўляць, адкуль толькі імпэт узяўся калі прыціснула!). Так што -- “верной дорогой идёте, товарищи!”.  І яны ідуць, як кот па жэрдачцы, і ў БЧС, і ў Балта-Чарнаморскі калектар, і ў Эўропу. І Расея, аказваецца, як яны ўжо лямантуюць, хоча захапіць Беларусь. (Бачыце -- яны “прозрели”. Хаця ведаем мы гэтыя “войны”  і разборкі двух мафіяў і чым яны заканчваюцца.)

            Але прапаганда супраць мяне не зьмяняецца. Я ўжо даўно не зьвяртаю на яе ўвагі. Парог, які яна асягнула, робіць мяне незалежным ад такой прапаганды, ад яе СМІ і ад яе журналістаў. (Могуць хоць на галаву стаць.)

            Што датычыць Алексіевіч, дык тут нюанс. Тут праца ўжо на Эўропу, на Брусэль, на “Нямецкую хвалю.” Ім хочацца стварыць зь мяне ў Эўропе страшылку, вобраз гэткага “Лі Пэна”. Беларусы нават не ўяўляюць, якая плойма агентуры, журналістаў і так званай “апазыцыі” працуе супраць мяне ў гэтым кірунку на Захадзе. І які ж вынік іхняй “супэрдзейнасьці”? Вынік такі – крах падстаўной апазыцыі ў Беларусі, а ў Прагу на саміт Усходняга Партнёрства паехаў Пазьняк.

            У беларусафобаў нейкае штампаванае зацыкленьне ў галовах. “Полицаи” і “против русских” – вось і ўся іхняя прапагандысцкая фантазія.

Галоўнае ў іх шакаваць сьвядомасьць чытача (слухача), прыдумаць нешта такое, што зьверне на сябе ўвагу сваёй абсурднасьцю і, адпаведна, выкліча абсурднае ўяўленьне пра атакуемую асобу. Вось, напрыклад, ілюстрацыя такога мэтаду ў Алексіевіч: "Я помню, как Пазьняк призывал белорусов уходить в леса, партизанить и пускать под откос поезда в знак протеста по поводу объединения с Россией. А у меня в России на Радио «Свобода» тогда по этому поводу спросили: «Что делают сейчас белорусы?» А я говорю: копают картошку и закручивают банки, а революция - только в голове у Пазьняка." Спасылка: http://belgazeta.by/20070910.36/480304471/

Навошта яна піша такую лухту? Ёзэф Гёбэльс гэта даўно растлумачыў: чым больш неверагодная хлусьня, тым хутчэй ёй павераць. І чым часьцей яна паўтараецца, тым лягчэй успрымаецца.

            Можна было зразумець камуністаў – яны пісалі пра мяне такім чынам, каб адвярнуць беларусаў ад Народнага Фронту, ад барацьбы за свабоду і нацыянальнае адраджэньне. Але гэта што такое?

            Дарэчы, вось яшчэ адно вымоўнае гаварэньне спадарыні Алексіевіч: “Наш народ у асноўным рускай сьвядомасьці”. І далей (ізноў жа пра нас, пра тых, што ў змаганьні здабывалі незалежнасьць Беларусі): “Яны не ўяўляюць рэальны народ, ён рускай сьвядомасьці. Адзіны рэальны палітык у беларускай прасторы – гэта Лукашэнка”. І, нарэшце, апошняя нізасьць з гэтай прамовы: “Няма розьніцы, якая мова, якая культура, галоўнае – дэмакратыя. Пакуль мы (?) ня пусьцім дэмакратыю наперадзе мовы, мы (?) зноў загінем”. (І хто гэта “мы”?) (Радыё “Свабода”, 24 жніўня 2005 г.)

            Зьвярніце ўвагу, як беларусафобы трактуюць каштоўнасьці ў сваіх інтарэсах. За камунізмам яны казалі, што “главное не национальные особенности, а построение коммунистического общества”, казали аб “стирании национальных различий” на шляху да камунізма, аб адміраньні беларускай мовы (дзеля камунізму) і аб гаварэньні пры камунізме на “общечеловеческом языке” (чытай – на расейскай мове) і г. д.

          Цяпер ужо “камунізм” замянілі “дэмакратыяй” і сталі “дэмакратамі”. І тут прыстасаваліся і смокчуць ужо дэмакратычную суслу. Галоўнае ня мова, маўляў, а “дэмакратыя”. Дэмакратыя über alles.

            Ня так даўно Алексіевіч прыехала ў Нью-Ёрк і, выступаючы на Брайтане,  назвалася рускай пісьменьніцай, насьледніцай Чэхава і Талстога.

            Дык хай бы і заставалася такой, як пра сябе думае. Аднак жа не, падладжваецца пад беларусаў, удае “боль за Белоруссию”, “інтэлігентна” паплёўваючы ў душу гэтай “Белоруссии”, дзе толькі можа.

            За саветамі  ніякай мінімальна крытычнай пазыцыяй да савецкага рэжыму яна не вызначалася. У часы беларускай нацыянальна-вызвольнай рэвалюцыі 1988-91 гг. яе і зблізку ніхто ня бачыў каля Беларускага Народнага Фронту і нацыянальнага руху (і камэнтароў не давала). Затое цяпер, калі можна беспакарана валіць на беларушчыну, яна   выказалася бяз сораму і сумленьня.

            Крайне непрыемна пісаць пра нізасьць, але ўсяму ёсьць мяжа. Для мяне такой мяжой зьяўляюцца так званыя “паліцаі”. Калі чалавек апускаецца ўжо да “паліцаеў”, то гаварыць зь ім няма пра што, ён траціць у маіх вачах усялякую павагу. Шчыра кажучы, я ня думаў, што Алексіевіч здольная дайсьці аж да самага дна. Аказваецца, здольная, ды яшчэ й з думай пра “судьбы народные”.

            Прытым, заўважце з увагі на трагічную гісторыю і гібель маёй сям’і за часы вайны (сьмерць на франтах у Чырвонай арміі і тэрор НКВД)  --  ведаюць ілгуны, дзе забаліць і  куды, у якія раны свае брудныя пальцы ўсунуць.

            Аднак, паўтаруся, усё, што такія асобы кажуць, гавораць, пішуць і будуць пісаць супраць мяне, супраць маіх паплечнікаў, супраць беларушчыны, -- даўно ўжо напісана іхнымі папярэднікамі. І ўсё, што яны пішуць, -- гэта сьведчаньне супраць іх жа самых. Ня думаю, што людзі пра гэта забудуць.

 

30 чэрвеня 2009 г.

Нью-Ёрк                                                                                  Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: