НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Беларуская мова

Беларуская мова

Беларуская нацыя існуе, пакуль жыве Беларуская мова. Мова ёсьць галоўны вынік і сродак культуры.

Калі мы над гэтым задумаемся глыбей, то адчуем, што велічнасьць гэтай зьявы — чалавечай мовы — настолькі грандыёзная, што ўражвае нашу сьвядомасьць. І сапраўды, гэта цуд культуры, матэрыялізаванае думаньне і праяўлены дух. У мове мы, людзі, бачым сябе. Гэта люстэрка нашага існаваньня, адбітак нашых душаў.

Вытокі мовы пакрытыя хвалюючай таямніцай, як і ўсё нашае паходжаньне на Зямлі. Калі ўявіць, што чалавек разьвіваўся з прыроды, і паспрабаваць накрэсьліць схему, зрабіць мадэль ягонага пераходу ў стан культурнага існаваньня, то прыходзім да высновы, што абстрактнае думаньне, памяць роду (гэта значыць — гістарычная памяць) і мова ўзьніклі і разьвіваліся адначасова і ўзаемна ўплывалі самыя на сябе.

Гэтак адбывалася самаўдасканаленьне трох асноваў культуры: абстрактнага думаньня, гістарычнай памяці і мовы. Навуковыя дасьледваньні чалавечай жыцьцядзейнасьці ў старажытнасьці і сьведчаньні простых формаў існаваньня чалавечага грамадзтва ў цэлым пацьвярджаюць нашу траістую схему разьвіцьця сьвядомасьці і мовы людзей.

Зьяўленьне мовы як структураванага інструманту інфармацыі азначала рэзкі прарыў у культуру, у грамадзкае і гістарычнае існаваньне чалавека. Адначасна запрацавала зваротная сувязь. Мова стала найвялікшым сродкам культуры, дзейнічала як матор культурнага разьвіцьця, спрыяла стварэньню чалавека разумнага, фармаваньню чалавечага грамадзтва.

Прарыў з прыроды ў культуру адбываўся найперш праз мову. Бяручы пад увагу гэтую рэвалюцыйную ролю мовы ў разьвіцьці культуры чалавецтва, асабліва робіцца зразумелым вялікае і крылатае цьверджаньне аб тым, што напачатку было Слова. Мова трымае ўсё: культуру, гісторыю, памяць, грамадзтва, сумоўе людзкіх душаў. Мова аб’ядноўвае і мацуе, вядзе за сабой. Вось жа сапраўды правільна: напачатку — было Слова (гэта значыць, на пачатку культуры).

Што яшчэ ўражвае нашае ўяўленьне, дык гэта шматаблічнасьць мовы. На Зямлі жыве мноства народаў і этнічных групаў, і, адпаведна, існуе вялікая колькасьць розных моваў. Кожная мова, нібы шчыт, які зьберагае і выдзяляе народ сярод іншых народаў, і адначасна, — гэта плятформа, на якой угрунтаваная культурная індывідуальнасьць чалавечай супольнасьці.

Аглядаючы пісаную гісторыю людзей, мы заўважаем, што заўсёды, калі гінула мова, то гінуў і народ. Тут узаемасувязь, сутнасныя дачыненьні, якія глыбока і афарыстычна адлюстраваў наш вялікі Багушэвіч. "Шануйце мову нашу, беларускую, каб ня ўмёрлі", — напісаў паэт.

Шмат моваў зьнікла на Зямлі, і зьнікае па сёньняшні дзень. Прычыны розныя. Але найчасьцей — гэта несамастойнае існаваньне (адсутнасьць незалежнай дзяржаўнасьці) і грамадзка-палітычная сацыяльная катастрофа.

Але шмат моваў трываюць і ня гінуць, ня гледзячы на неспрыяльныя абставіны. Шмат якія мовы адраджаюцца, вяртаюцца да жыцьця амаль зь нябыту. Перадусім, тут велізарнае значэньне мае дух народа (этнаса), яго ўпэўненасьць у сабе, закаранеласьць у сваю духоўную культуру і гісторыю, і, як вынік, — сьвятое шанаваньне сваёй мовы і ўсяго свайго.

Грамадзка-палітычная катастрофа можа зьнішчыць любую мову (нават самую распаўсюджаную) тады, калі зьніклі, замерлі ці ліквідаваныя яе этнічныя носьбіты. Такія зьявы, як генацыд, этнацыд, лінгвацыд, мнемацыд, якія вынікаюць, як правіла, з імпэрскай палітыкі, а таксама з ксэнафобіі і нянавісьці, вельмі небясьпечныя для моваў найперш несвабодных народаў (посткатастрафічных супольнасьцяў). Аднак разбурэньне імпэрыі пры пэўных абставінах таксама можа выклікаць зьнікненьне імпэрскай мовы, прытым нават тады, калі існуе прызнаная імпэрская літаратура.

Тыповымі прыкладамі зьяўляюцца Рымская і Атаманская імпэрыі. Рым разбурыўся, зыходзячы з унутраных прычынаў (перш за ўсё, — з-за ўпадку маралі). Рымская (лацінская) мова гучэла ў Сэнаце, сцьвярджалася ў літаратуры і на ўсіх канцах імпэрыі. Але пад друзам гэтай імпэрыі была пахаваная і вялікая рымская мова, ператварылася потым у мёртвую лаціну.

Чаму так сталася? Сталася так таму, што не было ўжо этнічных носьбітаў гэтае мовы. Лацінскі этнас дэградаваў, бо стлуміў у сабе этнічную сьведамасьць, інстынкт аддзяленьня ад чужога. Этнічная сьведамасьць замянілася імпэрскай. Лаціна рымская абслугоўвала імпэрскую культуру, імпэрскую ўладу і імпэрскую дзяржаву. Яна адрозьнівалася ад этнічнай лаціны. З разбурэньнем рымскай улады і дзяржавы, са стратай рымскага набілітэту, рэзка зьмяніліся функцыі дзяржаўнай лаціны, а ў рэальным штодзённым жыцьці, на самым нізкім (вусным) узроўні не было каму на ёй размаўляць. Лаціна памерла.

Трэба ўлічыць, што імпэрыя (гэта значыць — імпэрская ўлада і імпэрская культура) іманэнтна, зыходзячы з сутнасьці сваёй прыроды, імкнецца зьнівіліраваць і разбурыць любы этнас, у тым ліку і свой, які даў пачатак імпэрыі.

Мова Атаманскай імпэрыі, у адрозьненьне ад рымскай мовы, узьнікла на дэдуктыўным прынцыпе. Гэта была штучная мова, створаная на аснове старажытных моваў Усходу (у асноўным, пэрсідзкай) і абслугоўвала яна якраз толькі імпэрскую дзяржаву, арыстакратыю, чынавенства, афіцыйную культуру і ўвогуле — вярхі. Асноўны народ імпэрыі — туркі — размаўляў на сваёй народнай анаталійскай (турэцкай) мове.

Пасьля разбурэньня і распаду Атаманскай імпэрыі новая Турцыя, будуючы новую нацыянальную дзяржаву, абаперлася якраз на народную этнічную мову, на якой размаўляў народ, і зрабіла яе дзяржаўнай мовай краіны. Тым часам мова Атаманскай імпэрыі аджыла. У ёй не было патрэбы. Са зьнікненьнем імпэрскіх вярхоў на ёй не было каму гаварыць.

Калі мы зьвернем увагу на рускую імпэрыю (Расею), то заўважым там адначасна дзьве схемы функцыянаваньня мовы: індуктыўную, з апорай на этнас, і, ў пэўнай ступені, штучную, прыдуманую форму рускай мовы, якая ў апошнім стагоддзі значна рэдуцыравалася, дзякуючы літаратуры. Тым ня менш, улічваючы няспынную абсалютызацыю імпэрскай ідэалёгіі і адпаведна — псіхалёгіі, і беручы пад увагу таксама няспынную дэградацыю асноўнага этнасу, існуе вялікая верагоднасьць, што пры разбурэньні расейскай імпэрыі рускую мову можа напаткаць нават ня мёртвае ўжываньне, як у пострымскай сітуацыі, а глыбокі маргіналізм і звужэньне да лякальнага асяродка. (Заўважым, што ніякія інфармацыйныя сістэмы тут не дапамогуць.)

Тое ж самае, улічваючы цяперашні працэс асаблівай дэструкцыі ангельскага этнасу, можа напаткаць і ангельскую мову. (Як гэта каму на слых ня здасца неверагодным.) Штуршок такому ходу гісторыі можа пакласьці пасьпешны ўпадак і распад Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Гэтакая верагоднасьць, па маіх назіраньнях, увесь час павялічваецца і абумоўлена ўнутранымі прычынамі. У ЗША беззваротна нарошчваюцца тыя ж працэсы, што некалі ў Рыме, толькі разьвіваюцца больш хуткімі тэмпамі. (Ізноў жа, паўтаруся, ніякія інфармацыйныя сістэмы тут не ўратуюць, бо сістэма — гэта прылада.)

Імпэрыя, аказваецца, ня можа гарантаваць вечнага (і, тым больш, жывога) існаваньня імпэрскай мовы. Значна лепш гэта спраўджвае і рэалізуе нацыянальная дзяржава, якая і ўзьнікла (прынамсі, у Эўропе) у барацьбе зь імпэрыяй. (Прытым змаганьне йшло, перш за ўсё, за права існаваньня і разьвіцьцё нацыянальнай мовы.)

Стварэньне нацыяў і нацыянальных дзяржаваў ёсьць гістарычная зьява, якая мае ня толькі свае грамадзкія прычыны, але і храналягічныя рамкі (найперш у Эўропе). Сьцісла можна іх пазначыць ад апошняй чвэрці ХVІІІ па першую чвэрць ХХ-га стагоддзяў. У гэты пэрыяд сфармаваліся і высьветліліся ўсе нацыянальныя канцэпцыі культуры, свабоды і незалежнага дзяржаўнага існаваньня.

Як правіла, нацыянальныя рухі пачыналіся з самапазнаньня, асьветніцтва, стварэньня нацыянальнага мастацтва, літаратуры, тэатра. Потым разьвіваліся у палітычнае змаганьне зь імпэрыяй і заканчваліся стварэньнем нацыянальнай дзяржавы.

Уражвае ў гэтым працэсе тое, што народы паўсюдна прызнавалі і паўсюдна змагаліся за дзьве асноўныя каштоўнасьці: за нацыянальную мову і за незалежнасьць (гэта значыць — за нацыянальную дзяржаву).

Сэнс асьветніцкай і мастацкай дзейнасьці быў падпарадкаваны адной мэце: сцьвярджэньню нацыянальнай мовы.

Гэтую задачу найперш узялі на сябе газэты, літаратура і асабліва вандроўныя тэатры, якія ўзьнікалі паўсюдна. Творца вэнгерскага прафэсійнага тэатра Ота Келеман, які стварыў вэнгерскую вандроўную трупу яшчэ ў канцы ХVІІІ стагоддзя, прызначэньне свайго тэатра і тэатральнага мастацтва сфармуляваў коратка і выразна: сцьвярджэньне і прапаганда вэнгерскай мовы. (Вэнгры змагаліся тады зь нямецкім засільлем.)

Аналягічна разумеў задачы тэатра Ігнат Буйніцкі і такія яго акторы, танцоры і сьпевакі, як Леапольд Родзевіч ды Алаіза Пашкевіч (Цётка). Гэтак жа ацэньвалі ў той час нацыянальную місію тэатра дзеячы вандроўнай сцэны на Ўкраіне, у Малдове ды Румыніі, у Баўгарыі ды Сэрбіі, у Чэхіі, Славакіі, Летуве і г.д.

Нацыянальныя рухі ўсьведамлялі нацыянальную мову як галоўную каштоўнасьць нацыі, сцьвярджэньню яе ў грамадзтве падпарадкоўвалі ўсю сваю нацыянальна-асьветніцкую дзейнасьць.

Беларуская нацыянальная ідэя рэалізавалася ў 1918 годзе, калі была створаная Беларуская Народная Рэспубліка і аб’яўлена яе незалежнасьць. Аднак неўзабаве незалежнасьць была страчаная, і нацыянальнай стабілізацыі не адбылося.

Расейскі камуністычны генацыд і ўсе формы вынішчэньня цярпелі тры пакаленьні беларусаў. У сэнсе культурным, і асабліва — псіхалягічным, 73 гады савецкай акупацыі — гэта чорная дзіра, правал у нацыянальнай сьведамасьці народа. Калі ў 80-х гадах ХХ-га стагоддзя аднавіўся беларускі рух за незалежнасьць і за культурнае адраджэньне нацыі, новыя адраджэнцы (некаторыя з жахам і з роспаччу) убачылі, што сутыкнуліся з узроўнем нацыянальнай сьведамасьці грамадзтва, як у канцы ХІХ-га стагоддзя.

Камунізм, савецкая акупацыя, вынішчэньне ўсяго беларускага фатальна затармазілі псіхалягічнае разьвіцьцё грамадзтва, дэфармавалі ўнутраны сьвет беларуса, адкінулі сьведамасьць мноства людзей да абсурднай мяжы.

"Зачэм этат беларускі язык?"; "Какая разьніца, на каком языке гаварыць?"; "Каму нужэн этат суверэніцет, главнае, чтобы жылась харашо" і г.д., — вось тыповыя цьверджаньні шмат якіх па-савецку адукаваных беларусаў канца ХХ-га стагоддзя.

На жаль, гэта рэальнасьць, і, як кажуць, тут не да сьмеху. Людзі з такой сьведамасьцю — ня рэдкасьць, яны трымаюць уладу, кіруюць беларускім грамадзтвам. На Беларусі адбылася кансэрвацыя саветызму палітычнымі мэтадамі, з выкарыстаньнем аўтарытарнай улады.

Фантасмагарычнасьць сітуацыі ў тым, што пакуль вялікая частка постсавецкага беларускага грамадзтва паўтарае сэнтэнцыі, кшталту, "зачэм язык" і "какая разьніца", ні пра якую нацыянальную і сацыяльную свабоду, ні пра якое разьвіцьцё эканомікі, ні пра які дастатак і ні пра якое годнае жыцьцё ня можа быць і гаворкі. Бо такое грамадзтва, якое ня мае агульнасьці галоўных нацыянальных каштоўнасьцяў і, тым больш, адмаўляе іх, такое грамадзтва ня ў стане абараняць свае нацыянальныя інтарэсы. Прытым ня тое, што, скажам, прыродныя рэсурсы, зямлю, фінансы, прадпрыемствы, прыродныя багацьці, але і асабістую працу. Такі беларус будзе шмат і цяжка працаваць, але заўсёды застанецца бедным, не разумеючы прычынаў сваёй беднасьці.

Прыгадваю выпадак з пачатку 90-х гадоў. У час адной з нашых дэпутацкіх паездак па Беларусі, якія практыкавалі дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, мне прышлося чуць у цягніку размову нашага калегі Сяргея Папкова і іншых сяброў з адным заслужаным пэнсіянерам-настаўнікам. Заслужаны настаўнік, беларус, з гонарам расказваў па-руску, колькі добрых людзей ён навучыў за жыцьцё. Адзін — генэралам у Мурманску, нехта выехаў у Акадэмію навук у Пецярбург, хтосьці цяпер жыве і нешта робіць важнае ў Растове, нехта — спэцыялістам у Навасібірску, а яго двох сыноў, дык уладкаваліся ў Маскве. Адзін — выкладчык ва ўнівэрсітэце, а другі — інжэнер, нечым там кіруе, жаніўся на маскоўцы і ўжо гадуе двох дзяцей. Настаўнік быў вельмі задаволены.

- А якая ў вас пэнсія? — пацікавіліся ў настаўніка.

- Ой, ведаеце, малаватая, — пажаліўся ён. — Я яшчэ падпрацоўваю, маю некалькі гадзінаў у школе, бо пэнсіі не хапае.

- Чаму ж так? — запыталіся ў яго. Настаўнік разьвёў рукамі.

- А цяпер вось глядзіце, — заўважылі мае калегі. — Вы ўсё жыцьцё працавалі, навучалі беларусаў на рускай мове. Беларускі ўнівэрсітэт (таксама на рускай мове) падрыхтаваў зь іх спэцыялістаў, якія паехалі ў Расею і пачалі там працаваць, даваць прыбытак рускай дзяржаве і плаціць падаткі ў рускі бюджэт. На адукацыю гэтых спэцыялістаў, на навучаньне іх рускай мове Расея не затраціла ні капейкі. Гэта вынік вашай працы. А дзе ж ён, гэты вынік, для вас? Дзе ваш прыбытак? З чаго ваша пэнсія, з чыйго бюджэту?

- Праўда.., — зьдзівіўся настаўнік.

- А што б было, калі б уся адукацыя была па-беларуску ў сістэме дзяржаўнай беларускай мовы? — прадаўжалі мы. — Куды была б найперш ськіраваная ўвага нашых маладых спэцыялістаў і ваш "труд"? Аб’ектыўна — ці ж не на вашыя інтарэсы? А што было б, калі б усю беларускую адукацыю перавесьці на ангельскую мову? — працягвалі мы далей. — Да каго б мы былі прывязаныя і дзе б палягала тады прычына нашай беднасьці і бядоты: на Ўсходзе ці на Захадзе?

Настаўнік быў крыху ашаломлены. Гэты савецкі інтэлігент ніколі не задумваўся над такімі пытаньнямі. Але гэтакая размова была б нармальнай дзе-небудзь у 1890-х у вагоне Лібава-Ровенскай чыгункі, а не цяпер, праз сто гадоў, калі час для многіх беларусаў адначасна зьмяніўся і адначасна, як бачым, спыніўся ў самым пачатку.

Беларуская мова як найважнейшая зьява культуры ёсьць таксама аснова нашай нацыянальнай свабоды і найважнейшы чыньнік эканамічнага разьвіцьця.

Вось чаму нацыянальная ідэя імкнецца да стварэньня нацыянальнай дзяржавы ў нацыянальнай мове і на нацыянальнай тэрыторыі. Гэта дзеля таго, каб рэалізаваць жыцьцёвы (гэта значыць, духоўны і матэрыяльны) патэнцыял народа, каб стварыць аптымальныя ўмовы духоўнага камфорту і матэрыяльнага дастатку для ўсёй нацыі.

Страты нацыянальнага патэнцыялу і тармажэньне нацыянальнай ідэі нават на сто гадоў, пры ўсіх ускладненьнях, не выглядаюць вялікай бядой, калі б аднавіць незалежную, вольную, нацыянальную дзяржаву, якая б праводзіла палітыку ў інтарэсах нацыі. Тады зусім не спатрэбіцца яшчэ сто гадоў, каб вярнуць страчанае і дагнаць час. Бо калі зьнікаюць перашкоды, тады раней затарможаныя зьявы разьвіваюцца паскоранымі тэмпамі. Паскарэньне — гэта агульны закон разьвіцьця растарможаных працэсаў і назіраецца ўсюды: у мастацтве, у літаратуры, у прыродзе, у грамадзтве. Праз 10-15 гадоў нармальнага нацыянальнага разьвіцьця ў паскоранасьці ўжо не існавала б грамадзкай адсталасьці і сьведамасьці, тыпу "зачэм" і "какая разьніца".

Але разумеючы закон паскоранасьці, мы павінны ўсьведамляць яго катэгарычную імпэратыўнасьць. Тое, што было перапынена і ня зроблена сто гадоў таму, на пачатку стабілізацыі нацыі, тое мусітць быць хутка (паскорана) зроблена цяпер. Пераскочыць праз абавязковыя этапы разьвіцьця, праз абавязковыя ацэнкі і абавязковыя каштоўнасьці — нельга. Яны ў адноўленых умовах павінны быць пройдзеныя імкліва, хоць бы пункцірам, але абавязкова пройдзеныя і замацаваныя. Інакш зьява (у дадзеным выпадку — беларуская нацыя) не рэалізуецца, як сістэма.

Беларусы, тыя, што, як наш настаўнік, заклапочаныя толькі "сваім" і не прывыклі задумвацца над "нашым", над агульным, мусяць выразна сабе ўсьвядоміць, што калі беларуская мова ня будзе адроджаная, ня зойме належныя ёй дзяржаўныя, грамадзкія, культурныя і маральныя прыярытэты, то беларуская гісторыя можа неўзабаве скончыцца. Удакладняю: канец гісторыі — гэта катастрофа. Гэта — канец нацыі. Катастрофа суправаджаецца зьбядненьнем і дэградацыяй насельніцтва, стратай уласнасьці, зямлі, прыроды, дзяржавы, вынікаў працы. Нават сваёй працай чалавек перастане распараджацца сам.

Мы ўжо нешта падобнае выцерпелі ў ХХ-м стагоддзі. І таму цяпер, калі цудам засталіся жыць, нам цяжка падняцца з каленяў.

Функцыя нацыянальнай мовы ў нацыянальным грамадзтве — усеабдымная: ад духоўнага да эканамічнага выяўленьня. Аднак ня ўсюды яна выяўляецца непасрэдна. І ў гэтым хаваецца адна з цяжкасьцяў у разуменьні сутнасьці нацыянальных каштоўнасьцяў для саветызаванага чалавека.

Найбольшая складанасьць для новага беларускага Адраджэньня палягае яшчэ і ў тым, што за сто гадоў моцна зьмяніліся ўмовы і дачыненьні ў Эўропе. Пэрыяд утварэньня нацыяў якраз закончыўся ў першай чвэрці ХХ-га стагоддзя. Нацыянальная ідэя ў міжнароднай сьведамасьці стала як бы не актуальнай, бо гэта ўжо пражыты і пройдзены этап. А значыць аслабілася і гатовасьць да міжнацыянальнай салідарнасьці.

З 80-х гадоў мінулага стагоддзя пашырылася ў сьвеце ідэя інтэрнацыянальнай дэмакратыі, уздымаецца на катурны міжнародная дактрына "правоў чалавека", узмацняюцца лібэральныя імкненьні да інтэграцыі Эўропы і глябалізацыі сьвету. Міжнародныя дэмакраты і міжнародныя лібэралы працуюць разам над стварэньнем новых дэмакратычных супэр-імпэрыяў, супэр-дзяржаваў.

Для прадстаўнікоў гэтай звышідэалёгіі (гэтай дэмакратыі uber alles) нашыя, актуальныя для нас, нацыянальныя праблемы стогадовай даўніны, наша балючасьць, нашае роспачнае імкненьне выкараскацца з той бяздоннай курапацкай ямы, куды ўсадзілі наш народ недабразычліўцы, нашае стараньне ўратаваць найперш нашу мову ды незалежнасьць — усё гэта здаецца ім (шмат каму) анахранізмам. Бо ў іх мова, культура, незалежнасьць — само сабой зразумелае, яны з гэтым нарадзіліся і думаюць, што ўсё гэта існуе натуральна, у парадку рэчаў, як горы, рэкі і даліны.

Але ж у нас — ня так. Мы мусім, паскорана мусім (!) прайсьці этап дзяржаўнага ўсталяваньня нацыянальных каштоўнасьцяў і стабілізаваць нацыю разам з дэмакратыяй. Інакш у нас ня будзе будучыні.

Мы ня можам ігнараваць аб’ектыўныя законы разьвіцьця. Нам трэба дагнаць гісторыю. Мы маем на гэта найвялікшае права. Бо нас зьнішчалі, нам не давалі жыць.

Побач з фактарам пераменаў, якія адбыліся на працягу ХХ-га стагоддзя і ўскладнілі беларускую палітыку, застаўся нязьменны чыньнік — Расея, зь яе шавінізмам, імпэрскімі амбіцыямі і непрыхаванымі вялікадзяржаўнымі прэтэнзіямі на Беларусь. Гэты чыньнік небясьпечны. Калі б ня ён, не карэляцыя і не ўзаемадзеяньне яго з пераменамі ў сьвеце, беларускіх праблемаў у такім выглядзе, у якім яны існуюць сёньня, проста ўжо б не было.

Бальшавіцкі генацыд — гэта вельмі істотны аспэкт у беларускай трагедыі. Ніхто ня мае права і ніхто ня можа падважваць і адмаўляць нашу незалежнасьць, нашу беларускую мову, нашыя сымвалы, нашу свабоду, адзінства зямлі і гісторыі, не спытаўшыся тых амаль трох мільёнаў беларусаў, якіх нявінных забілі ў часе тэрору. Тых беларускіх пісьменьнікаў, інтэлігентаў, вучоных і простых сялянаў, якіх расстралялі толькі за тое, што былі беларусамі.

Якая ж яна, нашая сьвятая для нас, Беларуская Мова? Ці можна неяк глянуць на яе збоку, каб ацаніць аб’ектыўна? Як яна гучыць для іншых, як яе ўспрымаюць?

Кожная свая мова для кожнага народа — найлепшая і найпрыгажэйшая. І гэта правільна. Бо ў мове выяўляецца сутнасьць натуры народа, які яе стварыў, відаць яго душа, адбіваецца сваісты склад розуму і манера думаньня, матэрыялізуюцца рытмы духа і цела (гэта значыць, тэмпэрамэнту). Таму ў кожнай мове ёсьць свой характэрны рытм, свая мэлёдыя і сваё гучаньне, а лексіка падпарадкаваная вобразнай сістэме ўспрыняцьця сьвету людзьмі, якая ў розных этнічных супольнасьцяў (першасных носьбітаў мовы) адметная.

Гэтым тлумачыцца зьдзіўляючая для некаторых дасьледчыкаў зьява, што разумовыя і творчыя здольнасьці чалавека найлепш выяўляюцца ў роднай для яго мове. Тут рэалізуецца сумоўе — гарманізацыя рытмаў, распазнаўчых знакаў, найкарацейшых дарог паміж розумам, душой, тэмперамэнтам цела і мовай чалавека. Дасягаецца склад (камплект) аптымальнасьці асобы.

Гэта ня толькі тэарэтычныя разважаньні. Там, дзе можна прааналізаваць зьяву на масавых прыкладах і ў шырокай практыцы, вынікі відавочныя. У пачатку 90-х гадоў, калі ўзьнікла, нарэшце, магчымасьць адчыніць беларускія школы ў гарадах і разьвіваць беларускае школьніцтва, то праз нейкі час было зафіксавана, што беларускія дзеці ў беларускіх школах лепш пасьпяваюць, лепш вучацца, лепш засвойваюць матэрыял і лепш разьвіваюцца, чым беларускія дзеці ў такіх жа рускіх школах. Гэта натуральна. Адбылася гарманізацыя сваістага складу мовы і чалавека, аптымалізацыя разьвіцьця асобы. Карацей, сваё спаткалася са сваім.

Аналягічную зьяву заўважылі таксама нашыя фальклярысты. Ёсьць шмат сьведчаньняў такога роду, калі беларус, які сфармаваўся ў горадзе, у рускай мове, і ўспрыняўшы ўсе праявы савецкай эрзац-культуры, апынуўся раптам у вясковым асяроддзі сярод удзельнікаў аўтэнтычнага фальклёру і нечакана, пад уплывам эмоцыяў і ўзрушэньня, уключаўся ў народныя танцы ды сьпевы. У яго выяўляліся характэрныя рухі танцу і характэрныя прыёмы народнага сьпяваньня. Ён пачынаў ужывацца ў фальклёрнае дзеяньне, і гэтае дзеяньне, невядомае яму раней, аказваецца, не было для яго чужым.

Людзі кожнага народу, кожнага этнасу валодаюць характэрнымі рухамі, якія стасуюцца зь іхняй псіхалёгіяй, з эмацыйным станам, думкамі і мовай, на якой яны гавораць. Гэта мы называем этнаплястыкай. Гарманізацыя яе з мовай таксама накіраваная на аптымальнае выяўленьне асобы чалавека.

Аказваецца, нацыянальная мова зьяўляецца ня толькі галоўным чыньнікам сацыяльна-палітычнага адраджэньня нацыі, ня толькі зьвязваючым элемэнтам нацыянальнай культуры, але і фактарам найлепшага разьвіцьця асобы чалавека, перашаснай умовай яго гарманічнага існаваньня.

Аднак за 73 гады вырабленага гвалту над беларускай мовай за часы СССР, што афіцыйна прыкрываўся нібыта палітыкай білінгвізму ў Беларусі, сярод вялікай часткі насельніцтва стварылася вельмі некарысная зьява для беларускай культуры, менавіта, крэалізацыя (дэструктыўнае зьмешваньне) беларускай і рускай моваў. У выніку шмат беларусаў (як правіла, людзей невысокага культурнага ўзроўню) гаворыць цяпер на гэтакай зьбедненай "паўмове" ці на своеасаблівай піджын-рускай (гібрыднай) мове. (Успомнім "клясычныя" прамовы Старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея. Ёсьць і сьвежыя прыклады.)

Трынаццаць гадоў таму мне ўжо прыходзілася пісаць пра разбуральныя вынікі прымусовага двухмоўя на Беларусі. (Радуга, — Таллинн, 1988, №4) Тады беларуска-рускі "піджын" я назваў беларускім словам "трасянка", ня думаючы, што гэты тэрмін прыжывецца потым ў паняцьцях пра мову. Цяперака я паўтару тут некаторыя палажэньні.

Паўмова "трасянка" — галоўная прычына абмежаванага культурнага ўзроўню. (І цяпер мы разумеем, чаму. Крэалізацыя — гэта не ўзбагачэньне, а зьніжэньне культуры мовы, якое адлюстроўвае ўпадак культуры асобы.) Культурны чалавек не размаўляе на крэалізаваным піджын. Таму сфэра распаўсюджаньня "трасянкі" за савецкія часы — сярэднія і ніжнія стратыграфічныя сацыяльныя пласты. Грамадзкая лякалізацыя гэтай паўмовы, у сваю чаргу, забясьпечвае рэпрадукцыю і сацыяльную ўстойлівасьць "трасянкі", а значыцца, і нізкага ўзроўню духоўнай культуры, якая ў цэлым выяўляе тут тэндэнцыю да далейшага зьніжэньня. Яшчэ ў 60-80-х гадах стварылася сітуацыя, калі прычына і вынік бескультур’я зьвязаныя неразрыўна, гэта значыць, прычына (паўмова) выступае вынікам, а вынік — прычынай.

Паўмоўе значнай часткі насельніцтва Беларусі вельмі згубна адбіваецца на разьвіцьці культуры. Разумовая энэргія народа траціцца і не атрымлівае разьвіцьця. Прымусовы савецкі білінгвізм ігнараваў аксіёму, што без вызначэньня прыярытэту чалавек ня можа адначасна разьвівацца і існаваць у двух культурах. Дызарыентаваная асоба не атрымлівае паўнавартаснага духоўнага разьвіцьця. Паўмоўны індывідыум не адчувае тонкасьцяў духоўных сувязяў (што, дарэчы, засяроджана ў мове і выяўляецца праз гаворку), дрэнна думае абстрактнымі паняцьцямі, часта ня ў стане тэарэтычна асэнсаваць зьяву, а калі і разумее больш складаныя дачыненьні, то ня ўмее іх выказаць, сфармуляваць і выразна растлумачыць субяседніку. Пачынаецца пакутлівы падбор словаў, неадэкватнае ўжываньне паняцьцяў, заіканьне і спыненьне на кожнай дрэнна дапасаванай фразе, "эканьне", "мэканьне" і г.д. Тут праяўляецца не паталягічнае заіканьне, а тармажэньне сьвядомасьці, прыпыненьне на кожным слове як вынік разбалянсаванасьці думаньня і моўнага выяўленьня, як вынік неразьвітых здольнасьцяў аперыраваць паняцьцямі і невалоданьне сістэмнай структурай мовы (бо ў "паўмове", між іншым, адзінай структуры няма).

Паўмоўнае існаваньне прыпыняе ўнутраны спантанны працэс культурнага разьвіцьця чалавека, таму што тармозіць нацыянальнае самапазнаньне (ідэнтэфікацыю) яго грамадзкага, культурнага і духоўнага "Я".

Аднак здольнасьць да спажываньня культуры пры гэтым застаецца. Толькі яна, гэтая здольнасьць, зьмяняе арыентацыю з унутранага сьвету на зьнешняе асяроддзе, з актыўнай пазіцыі на пасіўную (спажывецкую). У выніку ўзьнікаюць умовы для разьвіцьця і спажываньня масавай культуры, эрзацу, сурагату, імітацыі духоўных каштоўнасьцяў.

Шкоду, якую наносіць беларускай культуры паўмова "трасянка" (і ўвогуле, дэградацыя мовы, распаўсюджваньне чужых слэнгаў, жаргонаў, вульгарызмаў, паняцьцяў і г.д.) ніхто не падлічваў, і, як я ўважаю, ня шмат хто разумее, бо, як мяркуюць, справа ў прычынах, і зь імі трэба змагацца. Правільна. Але калі б так усё было проста, то трасянкавыя палітыкі не кіравалі б уладай у дзяржаве.

Найлепшы сродак выратаваньня беларускай мовы — гэта паўсюдна пачаць на ёй гаварыць. Гаварэм жа, і будуць нас паважаць.

Знаёмства зь іншай мовай пачынаецца са слуханьня, як яна гучыць, з адчуваньня яе мэлёдыкі і рытму словаў, якія мы ацэньваем, паводле нашага густу ці законаў эстэтыкі. Ужываюцца ацэнкі: прыгожая — непрыгожая. Спэцыялісты стварылі нават адмысловую сістэму тэставаньня моваў па мэлядычнасьці, гучнасьці, колькасьці адкрытых складоў і звонкіх зычных ды галосных гукаў, камбінацыі звонкіх зычных з галоснымі, па вакальных магчымасьцях і г.д. Беларуская мова ў гэтакім тэставаньні займае шостае месца ў сьвеце.

Наўрад ці трэба да гэтакіх дасьледваньняў адносіцца надта сур’ёзна, але ўсяроўна прыемна.

Я сустракаў шмат добрых людзей сярод палякаў, латышоў, украінцаў, ангельцаў, якія былі захопленыя вымаўленьнем, словамі і мэлёдыкай нашай мовы, прасілі пагаварыць па-беларуску і слухалі з захапленьнем, нібы музыку.

Памятаю, у 70-х гадах я пазнаёміўся з маладым літоўцам з Каўнаса Ёзасам Рыбікаўскасам. У дзяцінстве ён прачытаў на пачку з макаронамі словы на незнаёмай мове. Высьветлілася, што напісана па-беларуску. Ёзаса гэтая мова так зацікавіла і потым так спадабалася, што ён вывучыў яе, бегла гаварыў, нават вершы пісаў па-беларуску. Пасьля ён прыязджаў спэцыяльна ў Менск, каб паслухаць беларускую мову (так яму было прыемна). Праўда, у Менску яго напаткаткала вялікае расчараваньне.

Латышская літаратуразнаўца Мірдза Абала выдатна размаўляе па-беларуску. У 70-х гадах яна сказала мне, што яе цягне на Беларусь, як магнітам, і што яна заўсёды стараецца прыехаць на Горадзеншчыну, каб толькі пагаварыць па-беларуску ды паслухаць беларускае мовы.

У цэлым жа, я лічу, што на сьвеце няма непрыгожых моваў. Кожная мова — прыгожая, бо выяўляе асабовую сутнасьць бясконцага, невычарпальнага, шматаблічнага Боскага сьвету. Гаворачы, напрыклад, пра звонкую мэлядычнасьць італьянскай мовы, у нас звычайна ўзьнікае жаданьне спаслацца на дасканаласьць бэль-канта, на традыцыі італьянскай опэры і г.д. Але немагчыма ўявіць у італьянскай мове, скажам, тувінскі гарлавы сьпеў. Тым часам па сіле ўзьдзеяньня і глыбіні выяўленьня нашага, але не прывычнага нам сьвету і ў не прывычнай нам эстэтыцы, гэта ёсьць магутнае мастацтва. Для вобразнага выяўленьня яму адпавядае якраз тувінская мова. І зьбегі зычных тут вельмі дарэчы. Яны на месцы гэтак жа, як італьянская вакальнасьць мовы на месцы ў опэрным бэль-канта.

Чым я найбольш захоплены ў Беларускай мове, гэта яе вобразнасьцю і ёмкасьцю слова (і па зьмесьце, і па гучаньні). Другое, што мне надта падабаецца, гэта шматварыянтнасьць гучаньня і напісаньня словаў, і потым — багацьце сінонімаў. Тут рай для паэтаў, можна плаваць і купацца, плюскацца ў такой багатай мове, было б толькі што казаць.

Калі глянем у гісторыю нашай мовы, то займае дых. Беларуская мова існавала даўно, яшчэ на племянным узроўні ў дапісьмовы пэрыяд. На думку гісторыкаў, як мінімум, у VI-м стагоддзі, яна ўжо была. Але на самай справе — раней. Гэта можна зразумець, аналізуючы гісторыю і аўтэнтычны фальклёр (асабліва тэксты).

У Х-м стагоддзі пісьмовасьць распаўсюдзілася на Беларусі разам з Хрысьціянствам у чужой старабаўгарскай мове. Гэтая славянская мова, часткова набліжаная да беларускай, стала адыгрываць ролю афіцыйнай, кніжнай, "граматнай" мовы, мовы, на якой пішуць і размаўляюць пісьменныя людзі (найперш, сьвятары і сацыяльныя вярхі). У пэўнай ступені, яна займалала такое ж становішча ў старажытнай Беларусі, як пазьней — мова вярхоў у Атаманскай імпэрыі. Старабаўгарская мова ў беларускай культуры — гэта была мова бяз этнасу, гэта ад пачатку была мёртвая мова. Паступова, з разьвіцьцём грамадзтва і ўскладненьнем функцыяў дзяржавы, адбывалася лексічнае ўзаемапранікненьне моваў і экспансія жывой беларушчыны ў мёртвую кніжную мову.

Асабліва гэта стала відаць у ХІV- ХV стагоддзях. Ужо ў ХVІ-м стагоддзі, у пэрыяд Рэнесансу, мёртвая старабаўгарская мова зьнікае з грамадзкага ўжытку і лякалізуецца толькі ў праваслаўнай царкве, і то, як царкоўны (царкоўна-славянскі) афіцыёз. У дзяржаўных і грамадзкіх дачыненьнях у Вялікім Княстве Літоўскім запанавала старабеларуская кніжная мова, якая канчаткова выцесьніла, запаланіла і перамагла ранейшую кніжную старабаўгарскую мову.

Тут варта заўважыць, што рускія савецкія гісторыкі-шавіністы называлі старабаўгарскую мову "древнерусским языком" і будавалі на гэтым цэлыя антынавуковыя канцэпцыі аб міфічным "древнерусском государстве" (пад якім падразумевалі Кіеўскую Русь і часова залежныя ад яе землі), аб "узьнікненьні" беларусаў, украінцаў і рускіх зь міфічнай "древнерусской народности" і аб пачатку беларускай мовы з ХIV стагоддзя, а беларускай гісторыі — з 1917 года.

Рускія афіцыёзныя гісторыкі прыдумвалі гісторыю, каб абгрунтаваць нібыта натуральнасьць існаваньня СССР, расейскі каляніялізм і расейскія прэтэнзіі на Ўкраіну і Беларусь.

Я сказаў у пачатку, што, азіраючыся на гісторыю нашай мовы, займае дых. Таму што на старабеларускай дзяржаўнай мове неверагодна шмат напісана, таму, што я зачараваны яе багацьцем, вобразнасьцю, распрацаванасьцю і хараством. Пачытаўшы на старабеларускай кніжнай мове, разумееш, чаму Максім Багдановіч, седзячы ў расейскім горадзе Яраслаўль і акунуўшыся ў чытаньне гэтай мовы, стаў вялікім паэтам. Вось жа і сапраўды, што "як алень спрагнелы, мкнець да вады крынічнай, шукаю Бога я".

Апошняя зьмена кніжных і афіцыйных моваў адбылася шмат дз

Дадаць у: