НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Жнівень 2009

Жнівень 2009

ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

Чужое войска ў Беларусі – небясьпека вайны

ЖНІВЕНЬСКІ КАМЭНТАР

 

ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

Жнівень – фатальны месяц для расейскай палітыкі. Бальшыня міжнародных і ўнутраных злачынстваў Расеі былі зробленыя ў жніўні. Але для беларусаў жнівень якраз добры месяц, бо тое, што расейцу сьмерць, беларусу — воля.

25 Жніўня 1991 года ажыцьцявілася двухсотгадовая мара цэлых пакаленьняў беларускіх змагароў з расейскім заборам. У гэты гістарычны дзень пад напорам дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце і пры падтрымцы тысячаў людзей на плошчы перад парлямантам была спынена дзейнасьць КПСС у нашай краіне і канстытуцыйна аб’яўлена незалежнасьць Беларусі. Ад часоў падзелу Рэчы Паспалітай і ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага – нашай магутнай дзяржавы – гэты дзень, 25 Жніўня, ёсьць рэальна найвялікшай датай нашай двухсотгадовай гісторыі змаганьня за волю і незалежнасьць. Ад гэтага часу незалежная Беларусь рэальна ёсьць, існуе як незалежная дзяржава, знаная ў сьвеце. Ужо дзеля дасягненьня аднаго гэтага варта было жыць. Засталося зрабіць завяршальны крок вялікай беларускай барацьбы – усталяваць у Беларусі беларускую ўладу.

У гэтым сутнасьць змаганьня з антыбеларускім рэжымам. Вораг залез у наш дом. Барацьба ўнутры. Будучыня, жыцьцё і сьмерць нацыі, існаваньне дзяржавы і незалежнасьці залежыць ад зыходу гэтай барацьбы, ад таго, хто вынесе трупы.

Перад кожным пакаленьнем беларусаў, народжаным у ілжы, стаіць вызваньне – зразумець, што ў змаганьні з імпэрскай Расеяй не было, няма і ня будзе ні кампрамісу, ні паловы, ні міру: альбо яна нас знішчыць, альбо выйдзем на вольны шлях і зробімся незьнішчальнымі.

Гэты шлях пачаўся адразу ў 1794, пасьля рэалізацыі змовы Эўропы (немцаў) з Расеяй – гэта значыць пасьля ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага і забору Беларусі. Гэты шлях праклаў Андрэй Тадэвуш Касьцюшка; па ім ішлі 197 гадоў. Ён вымашчаны мільёнамі ахвяр, палеглых за свабоду і волю, але бязь іх не было б 25 Сакавіка 1918-га, а без Сакавіка не настала б 25 Жніўня 1991-га.

Характэрнасьць беларускага гістарычнага змаганьня супраць злачыннай і магутнай імпэрыі за волю і аднаўленьне дзяржавы палягае ў тым, што гэта заўсёды была барацьба авангарду. Таму паражэньні яго мелі страшныя вынікі для нацыі, а перамогі (Сакавік-1918, Жнівень-1991) успрымаліся як цуд, у які многія не маглі паверыць.

Думаючы пра гэты час, які побач, часта хочацца выказаць проста пачуцьці, калі б я не разумеў марнасьць іх для новых людзей, што жывуць у другім вымярэньні. Відаць, найбольш дакладна і найпрасьцей сказаў пра нашыя адчуваньні Пётра Садоўскі, падпісаўшы мне кніжку пра свой “шыбалет”: “Зянону на сьветлы ўспамін ад аўтара пра Час, калі мы былі гістарычна шчасьлівыя”.

Тады, у пачатку 90-х, будучы ў Вярхоўным Савеце, калі гісторыя тварылася ледзь ні кожны дзень, ніхто з нас, фронтаўцаў (абсалютна ніхто), ня думаў пра сучаснасьць як пра гісторыю. Усе гарэлі ідэйнай мэтай і змаганьнем за гэтую мэту. Яна паглынала нас да рэшты. Часта трэба было дасягнуць немагчымага выніку неверагоднымі сродкамі. І мы, будучы ў абсалютнай мяншыні ў парляманце, дасягалі яго нават “нагамі” і рукамі сваіх апанентаў, не клапоцячыся пра ацэнкі і меркаваньні. Нам ня трэба было ні вядомасьці, ні папулярнасьці (тады палітыка не была яшчэ пошлым тэатрам), нам патрэбна была перамога, канец камунізму, незалежнасьць і самастойная Беларусь. Гэта мы здабылі, і гэта зрабіла нас “гістарычна шчасьлівымі”.

Вопыт 90-х усім нам паказаў, наколькі значным робіцца час у пераломны момант гісторыі, як важна яго прадбачыць, адчуць наперад, імгненна скарыстаць. Беларуская камуністычная намэнклятура падтрымлівала ГКЧП, была заангажаваная ў путч. Калі б ён прадоўжыўся яшчэ дзень-два, усе гэтыя малафеевы і К актыўна вымкнуліся б на паверхню (гэбоўская Масква чакала іхняга дэмаршу.) Але яны сьведама прамарудзілі, путч скончыўся, і намэнклятура ў Беларусі ўтрымала ўладу. (Тлумачу. Калі б яны агрэсіўна выявіліся, то пасьля путчу, мы б іх вычысьцілі з улады ўсіх без астатку, скарыстаўшы тую ж ельцынскую Маскву.) Тым часам у дні путчу многія нашы намэнклятурныя дэпутаты-камуністы зрабіліся агрэсіўнымі, не хавалі сваёй радасьці і адкрыта казалі, што нас расстраляюць і ўсім нам “кірдык”.

Таму пасьля правалу путчу (22.08.1991) вельмі важна было імгненна сабраць сэсію Вярхоўнага Савета, пакуль у камуністычнай большасьці не мінуў шок, разгубленасьць і жах. Тут прышлося вытрымаць баталію і напіраць усімі сіламі, бо многія члены Прэзыдыюма ВС не разумелі, навошта сьпяшацца склікаць Сэсію. Але сэсію ўсё ж прызначылі на 24 жніўня.

22-га жніўня (адразу пасьля паражэньня путчыстаў у Маскве) мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, сабраліся ў Вярхоўным Савеце і працавалі без перадышкі над плянамі, тактыкай дзеяньняў і над заканадаўчымі дакумантамі. Падрыхтавалі 14 заканадаўчых праектаў (гэта, фантастычна, за суткі!)

Мы ўвайшлі ў залю пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам. Першым чынам трэба было зьняць з пасады старшыню ВС М. Дземянцея. Я нават не чакаў такога напору ад дэпутатаў-фронтаўцаў. Часам у залі стаяў такі рык, што здавалася Дземянцей нават жывым не застанецца. Ён чапляўся за пасаду, як тапелец за травічку, закасваў нават калашыну і паказваў голую лытку, каб усе бачылі, што ён быў ранены ў партызанах. Дземянцея зьнялі.

Быў яшчэ эпізод, калі аднекуль збоку на трыбуну раптам пасунуўся 1-ы сакратар ЦК КПБ Малафееў (ён ня быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.) Тут нашы дэпутаты паўскоквалі зь месцаў і пабеглі на яго. І наперадзе ўсіх Галіна Сямдзянава. Добра, што Малафееў, агаломшаны, не рабіў рэзкіх рухаў, а то (не сумняваюся) напэўна б, разарвалі на часткі. Малафеева прагналі.

Назаўтра была спынена дзейнасьць КПСС і ЛКСМ у Беларусі. Пачаліся дэбаты аб аб’яўленьні незалежнасьці краіны. На плошчы перад парлямантам пэрманэнтна стаяла тысяч 30 людзей і крычалі: “Незалежнасьць! Незалежнасьць!”.

(Нагадаю, што Дэклярацыя аб суверэнітэце Беларусі, прынятая 27 ліпеня 1990 года, сама па сабе яшчэ не забясьпечвала незалежнасьці, бо не была канстытуцыйным законам. Усяроўна кіравала Масква. Для дасягненьня незалежнасьці Беларусі патрэбна было надаць Дэклярацыі вагу і значэньне канстытуцыйнага закону.)

На другі дзень сэсіі, і асабліва ў канцы дня, я адчуў, што можам не набраць канстытуцыйную большасьць галасоў. У некаторых камуністаў пачаў малець страх, фармаваліся нейкія стыхійныя пазыцыі, намэнклятура паціху падымала галаву. Усе аргумэнты былі выказаныя, але іх для гэтай масы, што жыла падсьведамасьцю, магло быць замала.

Рашэньне прышло да мяне ў апошнюю секунду. Шушкевіч (якому Вярхоўны Савет даручыў весьці Сэсію) ужо стаў рыхтавацца аб’яўляць галасаваньне і (о, жах!) пачаў падыгрываць разгубленым настроям намэнклятуры. Ён публічна выказаў сумненьне, што пры галасаваньні ўдасца сабраць канстытуцыйную большасьць галасоў, разважаў, што пытаньне будзе цяжка вырашыць. Словам, сеяў недавер у намэнклятурных галовах. (Гэта, дарэчы, быў заўсёдны ягоны згодніцкі стыль паводзінаў у тыя часы.) Тут ўзьнікала рэальная небясьпека (асабліва пры “канстытуцыйным” галасаваньні), бо некаторыя дэпутаты (і такіх было нямала) галасавалі так, як меркаваў і ставіў пытаньне вядучы Сэсіі.

Нават зьдзівіцца такім паводзінам Шушкевіча нам ужо не было часу. Я папрасіў апошняе слова і выступіў з засьцярогамі да ельцынскай палітыкі ў Расеі, кажучы, што адтуль нам усім пагроза, што на Ўсходзе фармуецца агрэсіўная імпэрыя ў форме дэмакратыі, што трэба стаць незалежнымі ад гэтай небясьпечнай для нас дэмакратыі і імпэрскай палітыкі. (Цалкам выступ прыведзены ў кнізе С. Навумчыка “Сем гадоў Адраджэньня альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі”, — Варшава—Прага, 2006 г., с. 62-63.)

Я ведаў, што намэнклятура баялася, каб іх не дастала ў той сытуацыі рука Ельцына і сваім выступам нагадаў ім пра гэта.

Пасьля выступу ўзьнікла яшчэ дыскусія, якая паказала, што словы мае дайшлі ўсё ж у іхнюю намэнклятурную пяту, дзе сядзела камуна-савецкая іхняя душа. Галасаваньне адбылося трыумфальна: за незалежнасьць прагаласавала 253 дэпутаты з 265 зарэгістраваных у залі. Многія так званыя “дэмакратычныя” дэпутаты, не зразумеўшы майго выступу, яшчэ доўга потым касавурыліся на мяне за крыўду іхняму куміру Ельцыну і “рускай дэмакратыі”. Мяне гэта не хвалявала, “дэмакратам” розум ня ўставіш, тым больш, што пазьней і Ельцын, і Пуцін паказалі ўсім сваю імпэрскую “кузькіну маць”.

Позна вечарам (ужо сцямнела) закончылася Сэсія Вярхоўнага Савета і мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, выйшлі да людзей на плошчу. Усе радасна ўсклікалі, сьпявалі, сьмяяліся, плакалі ад шчасьця і абымаліся між сабой. Гарэлі агні, палілі газэты замест паходняў. Некаторыя, што не пасьпелі выйсьці з КПСС, тут жа спальвалі свае партбілеты, танцавалі, падскоквалі, як дзеці. Бацькаўшчына незалежная!

Распад імпэрыяў ў Эўропе адбываўся як працэс утварэньня незалежных нацыянальных дзяржаваў. Рухавіком працэсу была паўсюдна нацыянальная ідэя, якая разьвівалася па даволі строгай сістэме і ў рэчышчы агульнай заканамернасьці.

Гістарычныя падзеі апошняга часу ў Беларусі засьведчылі першаснасьць нацыянальнай ідэі, перавагу фэномену незалежнай дзяржавы над сістэмай улады. Нават калі ўлада антынацыянальная, яна ня можа фармальна ліквідаваць дзяржаву, бо ўлада без дзяржавы перастае існаваць.

Дзейнасьць антынацыянальнай улады ў Беларусі накіраваная на вынішчэньне нацыі і культуры па старых каляніяльна-рэпрэсіўных і русіфікацыйных схемах. З гэтага гледзішча антыбеларускі рэжым Лукашэнкі ёсьць крайне разбуральны для беларускай нацыі і ў канцовым сэнсе зьяўляецца пастаяннай пагрозай незалежнасьці нашай краіны.

З усталяваньнем беларускай нацыянальна-дэмакратычнай улады кожны гістарычны крок нашай незалежнасьці будзе адзначаны, а Дзень Волі 25 Сакавіка, Дзень Дэклярацыі 27 Ліпеня, Дзень Незалежнасьці 25 Жніўня стануць дзяржаўнымі сьвятамі. Кожны дэпутат Апазыцыі Народнага Фронта ў Вярхоўным Савеце БССР будзе ўшанаваны памяцьцю, годнай таго часу, калі ўсе мы былі гістарычна шчасьлівымі.

22-25 жніўня 2009 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

 

Чужое войска ў Беларусі – небясьпека вайны

(Заява)

Дзеяньні і заканадаўчыя ініцыятывы цяперашняй расейскай ўлады — эскалацыя напружанасьці на Каўказе, непасыланьне амбасадара на Украіну, агрэсіўны ліст Д. Мядзьведзева прэзыдэнту Украіны В. Юшчанку, антыпраўнае абгрунтаваньне магчымасьці ўвядзеньня расейскага войска на чужую тэрыторыю – усё гэта прымушае нас яшчэ раз засяродзіць увагу на антыканстытуцыйным рашэньні рэжыму Лукашэнкі пра правядзеньне расейскіх вайсковых манеўраў на Беларусі (“Захад-2009”), якія намечаныя на канец верасьня.

Цяпер ужо добра відаць, што крамлёўская ўлада ў Расеі, шукае новага вайсковага канфлікту на Каўказе як праверанага расейскага мэтаду адцягненьня ўвагі народу ад сістэмнага крызісу ў эканоміцы і кіраўніцтве. Агрэсіўныя заявы і дзеяньні расейскай улады супраць Беларусі, Украіны, Малдовы, Летувы зьвязаныя зь яе правакацыйнай палітыкай на Каўказе і могуць прывесьці да вайсковай канфрантацыі ў нашай частцы Эўропы.

Антызаконныя расейскія манеўры на Беларусі ў сьвятле згаданых падзеяў і заканадаўчых актаў Крамля павялічваюць магчымасьць вайсковай правакацыі з боку Расеі і неканстытуцыйнага выкарыстаньня войска на беларускай тэрыторыі.

Зьвяртаем ўвагу на антыканстытуцыўнае выкарыстаньне ўлады Аляксандрам Лукашэнкам, якое прадугледжвае ўвядзеньне расейскага войска на суверэнную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, на парушэньне прынцыпу нэўтралітэту краіны і няўдзелу ў ваенных блоках.

Заклікаем беларускае грамадзтва, прадстаўнікоў улады, у якіх захавалася яшчэ павага да Беларусі, усімі спосабамі (і грунтуючыся на законных падставах) супроцьдзейнічаць небясьпечнай вайсковай палітыцы, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі. Чужое войска не павінна быць дапушчана на тэрыторыю нашай краіны, планаваньне расейскіх манеўраў мусіць быць спынена, незаконнае рашэньне адменена.

Лёзунгам нашага грамадзтва па абароне законнасьці і суверэнітэту Айчыны хай стане Беларуская салідарнасьць.

20 жніўня 2009 г.

Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ:
Зянон Пазьняк, старшыня,
Юры Беленькі, в.а. старшыні на Беларусі,
Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні.

 

ЖНІВЕНЬСКІ КАМЭНТАР

(ВЫСТУП на жнівеньскім Сойме БНФ і
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі –БНФ)

За гэты месяц-ліпень, што мінуў, цяжка знайсьці і адзначыць якую-небудзь станоўчую зьяву ў нашым палітычным і грамадзкім жыцьці. Такіх падзеяў няма ўжо даўно. Бальшыня таго, што адбываецца, ідзе на пагаршэньне. Адзначаецца паўсюдны наступ антыбеларускай рэакцыі у войску, эканоміцы, гандлі, грамадзкіх і палітычных арганізацыях. Ставяцца старыя спэктаклі пагарэлага тэатра кшталту “Пастанова 991”, здалася ў палон КГБ (нават бяз супраціву) арганізацыя “Бацькаўшчына,” прамаўляюцца фразы 30-40-гадовай даўніны, людзей гнояць у турмах, зьневажаюць за мову, у палітыцы лгуць і “абкурываюць” старую Эўропу.

Ёсьць пэўныя зрухі да лепшага ў нацыянальнай сьведамасьці, але найгорш тое, што 15 гадоў аўтарытарнай калгаснай улады не мінаюць бяссьледна – адбываецца рэпрадукцыя саўка на ўзроўні новага пакаленьня. Мы бачым тут, у Амэрыцы, масы гэтага кантынгенту зь Беларусі, выраслага ў хамстве, рабстве і паняверцы, людзей фізічнага існаваньня, зрусіфікаваных, без ідэалаў, без культуры і грамадзкіх інтарэсаў. Гэта адзін са складнікаў нашага грамадзкага застою, параліча волі, адсутнасьці ініцыятывы.

Практычна, грамадзкі баланс не зьмяніўся, як і сорак, пяцьдзесят, сто гадоў таму: 10-15 адсоткаў нацыянальна абуджанага насельніцтва і рэшта – пасыўны патэнцыял. Тут “баланс несвабоды” выяўляецца як пастаянная велічыня, якая можа стаць пераменнай якраз пры ўмове дасягненьня гэтай самай свабоды.

Прынцып авангарду ў беларускім змаганьні супраць прыгнёту застаецца ў гэтай сытуацыі нязьменным. Але і тут назіраюцца адхіленьні, характэрныя для пэрыяду застою і сацыяльнага страху. З барацьбы выбавае (дакладней, у барацьбу не ўключаецца) палітычна аптымальнае пакаленьне – людзі ва ўзросьце 35-50 гадоў. Іхняе месца займае моладзевая фронда, што істотна зьніжае зьмест і ўзровень антырэжымнага змаганьня, але тым ня менш яно (моладзевае змаганьне) зьяўляецца якраз выразным палітычным люстэркам антынацыянальнага прыгнёту і сацыяльнага маразму.

Сэнс нашай фронтаўскай праграмы па стварэньні «групаў народнага даверу» вызначаецца яшчэ і ў тым, каб падрыхтаваць грунт да ўваходу ў палітыку «аптымальнага пакаленьня». Гэта адбываецца, як правіла, у пэрыяды інфармацыйных выбухаў і сацыяльнага кіпеньня. Лёгіка падзеяў паказвае, што мы набліжаемся да гэтага часу і мусім падрыхтавацца.

Трэба ўлічыць, што хаатычны стан палітыкі калгаснага рэжыму і хаос у Расеі можа выклікаць непрадказальныя дзеяньні гэтых рэжымаў, дзеля ўяўнага перайманьня ініцыятывы над крызісам. Цяпер шмат ідзе гаворак пра магчымасьць новай расейскай агрэсіі супраць Грузіі, але для нас, беларусаў, рэальнай пагрозай зьяўляюцца манёўры чужога войска на нашай тэрыторыі ў верасьні гэтага года. Такія дзеяньні супярэчаць нашай Канстытуцыі і ў каторы раз сьведчаць пра акупацыйны характар антыбеларускай улады ў Беларусі.

Жнівень – фатальны месяц для расейскай палітыкі. Бальшыня міжнародных і ўнутраных злачынстваў Расеі былі зробленыя ў жніўні. Але для беларусаў жнівень якраз добры месяц, бо тое, што расейцу кепска, беларусу — воля.

25 Жніўня 1991 года ажыцьцявілася двухсотгадовая мара цэлых пакаленьняў беларускіх змагароў з расейскім заборам. У гэты гістарычны дзень пад напорам дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце і пры падтрымцы тысячаў людзей на плошчы перад парлямантам была спынена дзейнасьць КПСС у нашай краіне і канстытуцыйна аб’яўлена незалежнасьць Беларусі. Ад часоў падзелу Рэчы Паспалітай і ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага – нашай магутнай дзяржавы – гэты дзень, 25 Жніўня, ёсьць рэальна найвялікшай датай нашай двухсотгадовай гісторыі змаганьня за волю і незалежнасьць. Ад гэтага часу незалежная Беларусь рэальна ёсьць, існуе як незалежная дзяржава, знаная ў сьвеце. Ужо дзеля дасягненьня аднаго гэтага варта было жыць. Засталося зрабіць апошні крок вялікай беларускай барацьбы – усталяваць у Беларусі беларускую ўладу.
У гэтым сутнасьць змаганьня з антыбеларускім рэжымам. Вораг залез у наш дом. Барацьба ўнутры. Будучыня, жыцьцё і сьмерць нацыі, існаваньне дзяржавы і незалежнасьці залежыць ад зыходу гэтай барацьбы, ад таго, хто вынесе трупы.

Перад кожным пакаленьнем беларусаў, народжаным у ілжы, стаіць вызваньне – зразумець, што ў змаганьні з імпэрскай Расеяй не было, няма і ня будзе ні кампрамісу, ні паловы, ні міру: альбо яна нас знішчыць, альбо выйдзем на вольны шлях і зробімся незьнішчальнымі.
Віншую ўсіх з 25 Жніўня, Днём незалежнасьці Беларусі!

7 жніўня 2009 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: