Паважаныя землякі, паважаныя грамадзяне!
У сакавіку быў распаўсюджаны інфармацыйны матэрыялы ”Шукаем выхад з агульнага крызісу на Беларусі”. Там адзначана, што “канкрэтная прапанова падрыхтоўкі першых крокаў па выхаду з агульнага крызісу будзе выкладзена ў наступным паведамленьні”. За два месяцы, якія мінулі з таго часу, сытуацыя ў краіне згоршала яшчэ больш. Антыбеларускі рэжым Лукашэнкі, які выклікаў гэты крызіс сваёй антынацыянальнай палітыкай, ня ў стане нічога перамяніць, каб вывесьці Беларусь з цяжкага становішча. Жыцьцё людзей пагаршаецца. Вялікія цяжкасьці могуць узьнікнуць восеньню.
У сувязі з гэтым беларускае грамадзтва мусіць рыхтавацца да пераменаў і забясьпечыць арганізаванае разьвіцьцё падзеяў.
Першым крокам у гэтым накірунку павінна стаць стварэньне групаў народнага даверу. Групы народнага даверу ўтвараюцца дзеля пэўнай мэты гэтак жа, як некалі ў 80-х групы падтрымкі Народнага Фронту, толькі яны не заяўляюць аб сваім стварэньні і ня дзейнічаюць да пэўнага моманту.
Мэта групаў народнага даверу – стварэньне Народнай Цэнтральнай Выбарчай Камісіі і правядзеньне выбараў.
Калі ўзьнікне грамадзкая неабходнасьць, тады групы народнага даверу пачынаюць дзейнічаць і пасылаюць сваіх дэлегатаў на Ўсеагульны Нацыянальны Сход, які выбірае Народную Цэнтральную Выбарчую Камісію. НЦВК прыступае да дзейнасьці, групы народнага даверу ператвараюцца ва ўчастковыя выбарчыя камісіі і пачынаюць дзейнічаць згодна выбарчага закону і народнага мандату НЦВК пад яе кіраўніцтвам.
Гэтая схема цалкам дэмакратычная і цалкам канстытуцыйная (вынікае з прынцыпаў непасрэднай дэмакратыі).
Калі складзецца сытуацыя, то істотным рашэньнем у гэтай схеме ёсьць тое, хто вызначыць момант і аб’явіць аб скліканьні Ўсеагульнага Нацыянальнага Сходу. Але зразумела, што гэта павінна быць воля ўсіх арганізацыяў і сілаў, якія зацікаўленыя ў правядзеньні свабодных дэмакратычных выбараў.
Дзеля гэтага павінен быць створаны адпаведны Камітэт прадстаўнікоў, у які ўвойдуць кіраўнікі зацікаўленых палітычных арганізацыяў. Яны павінны прыняць рашэньне аб скліканьні Сходу і стварыць Аргкамітэт Сходу.
Прынцыповая ўмова на гэтым этапе: не павінны прымацца пад увагу (і тым больш прысутнічаць) ніякія прапановы і меркаваньні з боку Брусэля і Масквы. Інакш на ўсім у чарговы раз будзе пастаўлены крыж (хто гэтага ў Беларусі яшчэ не зразумеў, таму можна толькі паспачуваць).
Мусім яшчэ раз падкрэсьліць, што гэтая схема са скліканьнем Усеагульнага Нацыянальнага Сходу, стварэньнем НЦВК і народнымі выбарамі магчымая толькі ў надзвычайных умовах, пры якіх наступіць пратэстная актывізацыя насельніцтва, часовы параліч і аслабленьне кіруючага рэжыму. Яна (схема) невыканальная ў цяперашніх абставінах. Усялякія заклікі да ажыцьцяўленьня яе цяпер трэба будзе расцэньваць як прафанацыю ідэі і правакацыю кшталтам той, якая адбылася ў 1999 годзе ў выніку авантуры В. Ганчара з альтэрнатыўнымі выбарамі прэзыдэнта (што прывяло да расколу БНФ).
Мы ўсьведамляем, што наша схема народных выбараў (гэтак жа, як колішнія выдатныя планы аб сымвалічным Грамадзянстве БНР і народным галасаваньні) ёсьць адначасна тэст на арганізацыйны ўзровень і палітычную сьпеласьць грамадзтва. Аднак, зважаючы на нэгатыўнае дасьведчаньне, трэба ўлічваць, што палітычны ўзровень нашага грамадзтва ў апошні час павысіўся, а ў пэрыяды надзвычайных абставінаў (на што разьлічана наша прапанова дзеяньняў) гэты ўзровень і актыўнасьць людзей вырастае шматкроць.
Мы спадзяёмся, што ідэі, якія тут выкладзены, пройдуць праз грамадзкае абмеркаваньне, якое дасьць ня толькі інфармацыйны, але ідэйны, практычны плён.
Тым часам прапануем нашым фронтаўскім партыйным структурам і ўсім грамадзянам Беларусі прыступіць да стварэньня групаў народнага даверу. Гэта надзвычай проста (робіцца нават на кухні) і цалкам незаўважна. Часам проста знаёмыя людзі мусяць абмяняцца думкамі і дамовіцца аб дзеяньнях у час ”N”. Нават калі гэты час ”N” не настане (а ён настане), то сама акцыя па стварэньні групаў народнага даверу будзе чыста народным дзеяньнем, праявай грамадзкай актыўнасьці і волі. Усё гэта дапаможа скансалідаваць наш народ на галоўных інтарэсах краіны, нашай дарагой Бацькаўшчыны.
14 чэрвеня 2009 г., Менск
Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ.
Зянон Пазьняк старшыня,
Юры Беленькі выконваючы абавязкі старшыні на Беларусі,
Сяргей Папкоў намесьнік старшыні.
Для раздрукоўкі спампаваць тут
bs77.doc