НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Мова – Гісторыя – Дзяржава

Мова – Гісторыя – Дзяржава

(ІІІ-я тэарытычная Канфэрэнцыя “Ідэалы БНР і Адраджэньне Беларусі”.21 сакавіка 2004 г., г. Менск, Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”, Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ)

Беларуская нацыянальная ідэя адлюстраваная ў ідэалёгіі Беларускага Адраджэньня. Яна разьвівалася ў рэчышчы эўрапейскай Вясны Народаў як тыповая зьява, характэрная для Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы тае пары і палягала на аднолькавых народных каштоўнасьцях. На першым месцы ўсюды стаяла нацыянальная мова, на другім – нацыянальная гісторыя, народныя традыцыі альбо ў цэлым народная культура, часам — рэлігія. Сэнсам усяго нацыянальнага руху было дасягненьне нацыянальнай свабоды і стварэньне (ці аднаўленьне) незалежнай дзяржавы.

Калі вылучыць асноўнае, то галоўныя каштоўнасныя апоры, на якіх трымаліся ўсе нацыянальныя рухі ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, — гэта нацыянальная мова і нацыянальная дзяржава. На сцьвярджэньне перш за ўсё гэтых каштоўнасьцяў была накіраваная ўся астатняя палітычная, культурна-асьветніцкая, мастацкая, літаратурная, тэатральная, эканамічная і іншая праца нацыянальных дзеячоў, арганізацыяў і народных масаў.

Прытым у адных народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы працэсы мелі ярка выяўлены і нават радыкальны характар, у іншых адбываліся больш спакойна, але разьмеркаваньне прыярытэтаў і нацыянальных каштоўнасьцяў было паўсюдна, практычна, аднолькавым. Гэта абумоўлена перш за ўсё падобнымі гістарычнымі і палітычнымі абставінамі, лёсамі нацыянальных грамадзтваў і падобным станам культуры.

Тым часам у іншых частках Эўропы і па ўсім сьвеце (там, дзе занепадалі і разбураліся каляніяльныя сістэмы) у будаваньні нацыі і дзяржавы выступалі часам іншыя каштоўнасныя чыньнікі і прыярытэты — ня толькі мова, культура, гісторыя, але, скажам, рэлігія (Ірляндыя), геаграфічнае становішча (Куба), традыцыя (Швайцарыя) і нават міфалёгія.

Прыярытэт беларускай мовы ў разьвіцьці Беларускага Адраджэньня адзначалі ўсе беларускія нацыянальныя дзеячы, асьветнікі, пачынаючы ад Яна Чачота. Гэтак у змаганьні і паўстаньнях прамінула ўсё ХІХ стагоддзе, у канцы якога Францішак Багушэвіч вывеў надзвычай эмацыйна моцную і дакладную формулу: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!”

У гэты час (пачатак ХХ стагоддзя) завершылася таксама фармаваньне палітычнай канцэпцыі Беларускага Адраджэньня як імкненьня нацыі да незалежнага дзяржаўнага існаваньня (ўтварылася палітычная партыя, партыйная газэта і г.д.).

Гэта ёсьць, паўтаруся, эўрапейскі шлях “Вясны Народаў”, ягоны аб’ектыўны і прычынна абумоўлены рэестар каштоўнасьцяў, на якіх трымалася нацыя і адбудоўвалася незалежная дзяржава.

Першая падсумоўка ўсяго руху Беларускага Адраджэньня адбылася 25 Сакавіка 1918 г., калі было аб’яўлена пра незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Аналіз датыхчасовага і ўсяго наступнага пасьля 1918 года шляху Беларускага Адраджэньня паказвае, што з усёй сістэмы ідэалаў, дабратвораў і адзнак апорнымі каштоўнасьцямі, на якіх трымаецца Беларуская нацыя і Беларуская нацыянальная ідэя, ёсьць: беларуская мова, беларуская гісторыя і беларуская дзяржава. (Тут я нідзе не кажу пра тэрыторыю, паколькі гэта абавязковая ўмова, якая існуе паўсюдна, дзе існуе нацыя і дзяржава.)

Беларуская мова ва ўсёй гэтай тройцы адзнак ёсьць першасным чыньнікам, які прыходзілася і прыходзіцца найбольш абараняць і які падвяргаўся і падвяргаецца першаму і найбольш яраснаму вынішчэньню, часам невытлумачальнаму для пабочнага асяроддзя, бо зьяўляецца фэнамэнальнай асаблівасьцю беларускага нацыянальнага змаганьня.

Невытлумачальная, на першы погляд, нянавісьць непрыяцеляў беларушчыны да беларускай мовы патрабуе аналізу і зразуменьня. Без свабоды грамадзкага існаваньня і без масавай жыцьцядзейнасьці разьвіцьця беларускай мовы – няма і беларускай гісторыі. Гісторыя тады (з-за адсутнасьці мовы) зьнікае з масавай сьвядомасьці грамадзтва, перастае для яго існаваць, робіцца мёртвай. Бо беларуская гісторыя напісана беларускай мовай. Бяз мовы гісторыя адсякаецца, выкрэсьліваецца з грамадзкай памяці, народ пазбаўляецца сваёй інтэлектуальнай базы разьвіцьця, а асоба – рэалізацыі генетычнай пэрспэктывы (што прыводзіць да зьбядненьня асобы як творчай сутнасьці). Ствараецца сітуацыя, калі робіцца немагчымым узьнікненьне нацыянальных ідэалаў, і разьвіцьцё нацыянальнай ідэі спыняецца.

Яраснасьць, вырабленая і сістэмная пасьлядоўнасьць, вычварная бязьлітаснасьць, зь якой нашы непрыяцелі з Усходу і з Захаду забаранялі і вынішчалі беларускую мову, тлумачыцца менавіта яе высокім нацыянальна-гістарычным і культуралягічным фактарам, а ня проста этнічным фэнамэнам, за якім нічога не стаіць, акрамя этнічнага існаваньня.

Адраджэньне беларускай мовы ў вышэйшых формах культуры (літаратура, тэатр, навука, грамадзкая інфармацыя, асьвета, адукацыя, літургія і г.д.) натуральна і жыцьцёва цягне за сабой і адчыняе ва ўжытак духоўна-інтэлектуальнага разьвіцьця народа ўвесь фонд вялікай беларускай гісторыі. А гэта (зноў жа падкрэсьлім) ня толькі этнічная культура, зафіксаваная ў вусных паданьнях, але і культура вялікай магутнай дзяржавы, якая трымала ў сваім парадку ўвесь усход геаграфічнай Эўропы, у тым ліку і дзяржаўныя ўтварэньні Ўсходу, што пазьней, аб’яднаўшыся зь немцамі, спрычыніліся да ўпадку нашай краіны, да культурнага, этнічнага і фізічнага вынішчэньня беларускай нацыі.

Грамадзкае адчыненьне гісторыка-культурнага фонду нацыянальнай памяці, якое адбываецца праз мову (праз увядзеньне яе ў вышэйшыя сфэры грамадзкага існаваньня), спрыяе адраджэньню гістарычнай сьведамасьці народа, стымулюе творчае разьвіцьцё асобы, нараджае ідэалы будучыні, фармуе нацыянальную ідэю свабоды і незалежнага разьвіцьця нацыі.

Утварэньне такой незалежнай дзяржавы як Эстонія па вялікім маштабе, практычна, не ўшчымляла нічыіх інтарэсаў, акрамя агрэсіўных памкненьняў Расеі да захопу чужых тэрыторыяў. Тым часам нацыянальна-дзяржаўнае адраджэньне Беларусі – гэта цэлая перабудова сьвету ў сьведамасьці Расеі. Абвальваюцца цэлыя культуралягічныя сістэмы, пабудаваныя на міфалёгіі, прысваеньні і хлусьні, развальваюцца прывычныя, штучна створаныя ўяўленьні, зьмяняецца геапалітыка.

Паўстаньне з попелу Фэнікса Беларусі, якую ўжо звалілі, распласталі, два стагоддзі прадумана і мэтанакіравана нішчылі, тапталі, прасавалі, глумілі, тахцілі з гіканьнем і сьвістам, скошвалі кожнае пакаленьне і ўсім хацелі даказаць, што нічога беларускага няма, — паўстаньне незалежнай Беларусі і адраджэньне беларускай мовы сталася шокам для вялікадзяржаўнай Масквы. Невыпадкова ў зьнешнепалітычнай дактрыне Расеі, сфармуляванай пры Ельцыне ў 1995 годзе, Беларусь і заходні напрамак аб’яўлены галоўным у расейскай экспансіі. (Заўважце, ня поўдзень, не Каўказ, не Чачэнія, дзе йдзе вайна, а Беларусь.)

Захоп улады ў Беларусі знутры сіламі расейскіх спэцслужбаў у 1994-1996 гг. выявіў найбольш характэрныя рысы расейскай антыбеларускай палітыкі.

З чаго пачалася новая акупацыйная дзейнасьць? З кантролю над інфармацыяй і з падрыхтоўкі рэфэрэндума, пытаньні якога былі накіраваныя на зьнішчэньне беларускай мовы, на ліквідацыю нацыянальнага гэрба і сьцяга і на падрыў суверэнітэту краіны. Вась што было для Масквы галоўным і найвышэйшым.

11-га красавіка 1995 года дэпутацкая Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце зрабіла адчайную спробу ўплыву на перастрашаных рэжымам дэпутатаў парляманту (аб’явіла сядзячую галадоўку ў зале) з мэтай не дапусьціць прыняцьця антыканстытуцыйных пытаньняў рэфэрэндуму. Фронтаўцы выйгралі. Антыканстытуцыйныя пытаньні не прайшлі, былі адмененыя галасаваньнем.

Гэта абазначала крах антыбеларускай палітыкі ў самым пачатку. Тады рэжым, ламаючы законы і нормы, робіць грубы і авантурны крок. Ноччу 12 красавіка Лукашэнка ўводзіць войскі ў парлямант (батальён “спэцназу”). Зьбіваюць дэпутатаў Народнага Фронту і сілай вывозяць з парляманту.

Далейшыя падзеі вядомыя. Нараніцы дэпутаты БНФ зьвяртаюцца ў пракуратуру, і Генэральны пракурор узбудзіў крымінальную справу па факту ўводу войскаў у парлямант і зьбіцьця дэпутатаў. Тут жа нараніцы Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета прымае рашэньне аб пастаноўцы патаньня на Сэсіі аб абмежаваньні, згодна з Канстытуцыяй, дзейнасьці прэзыдэнта Лукашэнкі ў сувязі з узбуджэньнем крымінальнай справы. Лукашэнка акружае міліцыяй і войскам парлямант, не пускае на сэсію “не сваіх” дэпутатаў, і ў гэты час, парушаючы працэдуру і Закон аб рэгляманце, прымушае правесьці незаконнае перагаласаваньне рашэньняў, прынятых 11-га красавіка па пытаньнях рэфэрэндуму.

Гэтак ваяваў прамаскоўскі рэжым з “выпячиванием белорусского языка” ды з “флажкамі” (як яны раней казалі, нападаючы на БНФ). На карту ставілася ўсё. Ішлі на адкрыты крымінал, гатовыя былі на забойствы (я ўжо не кажу пра лістападаўскі пераварот у 1996-м).

Далейшыя дзеяньні рэжыму таксама вядомыя. (Зачыненьне беларускіх школаў, спаленьне беларускіх падручнікаў для школаў, захоп беларускіх выдавецтваў, абмежаваньне выданьняў беларускіх кніг і часопісаў, ліквідацыя беларускіх радыёстанцыяў, выгнаньне беларускай мовы з тэлебачаньня, зачыненьне беларускіх газэтаў, перасьлед арганізацыяў і людзей, што актыўна абараняюць беларускую мову, траўля Васіля Быкава, рэжымны русіфікацыйны кантроль над вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, над Акадэміяй Навук і г.д.)

Лукашэнка як русіфікатар і разбуральнік беларускай культуры ёсьць для Масквы вельмі каштоўным стаўленьнікам. Пра гэта маскоўцы не стамляюцца казаць, але адносяцца да яго з грэблівасьцю і непавагай (маўляў, “наш сукін сын”, — гэтак абразьліва і пішуць). Такая ёсьць расейская мэнтальнасьць. Акрамя таго, што “Масква слезам не верит”, яна ніколі не паважае залежных ад сябе (лакеяў, здраднікаў, стаўленьнікаў, марыянэтак і г.д.), ці гэта Лукашэнка, ці Гамулка, ці Гусак, ці які-небудзь Кошут. Маскву раздражняе словаблудзтва, настырнасьць і прэтэнцыёзнасьць Лукашэнкі. Яго паспрабавалі б замяніць, калі б знайшлі лепшага, ці хаця б такога ж, але без залішніх прэтэнзіяў. І пошукі Масква вядзе.

Усё гэта я тут узгадваю дзеля таго, каб адзначыць, што чарговы кандыдат на стаўленьніка, акрамя таго, што ён мусіць быць кадравай асобай КГБ (ці хаця б зьвязанай з КГБ), абавязкова павінен будзе засьведчыць Маскве сваё непрыняцьце беларускай мовы і прыхільнасьць да “інтэграцыі” (злучэньня) з Расеяй. Гэта неабходная ўмова для стаўленьнікаў Масквы ў Беларусі. Некаторыя з цяперашніх так званых “апазыцыйных дэмакратаў”, зразумеўшы кан’юнктуру, ужо сталі, як школьнікі, наперабой цягнуць ручкі ды пасьпешна выказвацца супраць мовы і “нацыянальзму”. (Ану ж заўважаць, дадуць грошай, ану ж пашанцуе!)

Нават пабежны погляд на цяперашнюю маскоўскую антыбеларускую палітыку дазваляе адразу ўбачыць, што расейцы (рускі КГБ) дасканала разумеюць становішча. Зьнішчэньне беларускай мовы яны разглядаюць не як тактычную, не як дапаможную задачу дзеля інкарпарацыйнай мэты, а як галоўны стратэгічны накірунак у пазбаўленьні беларускай нацыі здольнасьці да культурнага існаваньня і да супраціўленьня экспансіі.

Беларускае грамадзтва цяпер яшчэ не гатовае адэкватна разумець і рэагаваць на такую палітыку, бо ня выйшла яшчэ са стану савецкага духоўнага калапсу, а інтэлігенцыя (якая зьяўляецца часткай гэтага грамадзтва) не набыла волі да палітычнага змаганьня.

Гэта ня значыць, аднак, што ва ўмовах унутраннай акупацыі ўсе адукаваныя людзі павінны займацца палітыкай і не рабіць пазітыўную культурную працу. Тут справа выбару. Але размова йдзе пра прыярытэты. У тым становішчы, у якім апынулася наша краіна, прыярытэт палітыкі бясспрэчны. Ад яе ніхто не схаваецца. А калі хто і схаваецца, то палітыка яго ўсяроўна дастане, бо змаганьне йдзе за ўсю Беларусь. Вась чаму адзін зь вядомых цяперашніх лёзунгаў беларускага Адраджэньня гучыць так: “Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае “правоў чалавека” пад акупацыяй”.

Гэта сэнтэнцыя дзеля высьвятленьня прыярытэту. Палітычная барацьба за захаваньне дзяржаўнай незалежнасьці і за нацыянальную свабоду ёсьць галоўная, гэта ёсьць звышзадача і прыярытэт. І гэта не азначае, што ня трэба змагацца за правы чалавека. Але калі змагацца толькі за правы чалавека, ігнаруючы пагрозу незалежнасьці дзяржавы з боку Расеі (на што штурхаюць увесь час беларускую "апазыцыю ўплыву" заходнія лібэралы, якія дружаць з дыктатарскай Масквой), то зразумела, што ў выніку ня стане ні "правоў", ні незалежнасьці.

Калі мы маем ужо незалежную дзяржаву і калі існуе пагроза незалежнасьці нашай дзяржавы, — прыярытэт палітыкі, накіраванай на абарону і захаваньне незалежнасьці, ёсьць галоўным. Бо толькі маючы дзяржаву, можна ў прынцыпе вырашаць пытаньні нацыянальнага разьвіцьця (і правоў чалавека, і адраджэньня беларускай культуры, мовы, будаўніцтва нацыянальнай адукацыі і г.д.).

Тым часам абсурдна выключаць пазытыўную працу ў цэлым (бо жыцьцё ня мусіць спыніцца), ці наадварот – адмаўляць палітычную дзейнасьць і заклікаць займацца не палітыкай, а толькі пазытыўнай працай (скажам, выключна прапагандай беларускай мовы, паколькі яна галоўная каштоўнасьць нацыі і г.д.)

Прыклады, якія я прывёў, ня маюць дачыненьня ні да тэорыі, ні да здаровага сэнсу і раздражняюць сваёй прымітыўнасьцю. Але трэба было пра іх сказаць, бо, на жаль, гэта тыповыя ўзоры агентурных пастановак па дыскрэдытацыі адраджэнцкага руху, разьлічаныя на нясьпеласьць масавай сьвядомасьці людзей, улучаных у палітыку ды, магчыма, — разьлік на прыродную неахвоту да аналізу і да ўсялякага неканкрэтнага думаньня. Такі ёсьць цяпер узровень нашай грамадзкай рэчаіснасьці, які таксама трэба прымаць пад увагу.

Існуюць, аднак, больш вырабленыя псэўдаідэі супраць беларускай мовы і Адраджэньня, распрацаваныя рускімі гэбоўскімі інтэлектуаламі. Адна зь іх гучыць так, што мова, маўляў, ня мае значэньня ў нацыянальным будаўніцтве. Беларуская нацыя, нібыта, можа існаваць і з рускай мовай. (Гэта як “беларуская школа” з рускай мовай навучаньня). Існуе ж, маўляў, з ангельскай мовай Ірляндыя.

Пра розныя ўмовы і чыньнікі нацыянальнай дзяржаўнасьці ў сьвеце я ўжо казаў. Параўнаньне Беларусі з Ірляндыяй (ці, калі б было, з Швайцарыяй, краінамі Лацінскай Амэрыкі, альбо Афрыкі ці Азіі) некарэктнае, бо прыклады адносяцца да розных тыпалёгіяў.

З прычыны абставінаў, галоўнымі кансалідуючымі фактарамі ірляндзкага нацыянальнага руху сталі каталіцызм – гісторыя – нацыянальная дзяржава. Бальшыня ірляндцаў – католікі. Супраціўленьне ангельскай экспансіі пасьля страты незалежнасьці ў XVI стагоддзі ішло па рэлігійнай мяжы. Прытым ірляндцы былі ў абароне.

Абарона супольных каштоўнасьцяў ад агрэсіі, змаганьне ў аблозе спараджае моцнае пачуцьцё салідарнасьці і часам псіхалёгію гета (абвостраную рэакцыю па лініі “свой-чужы”). Каталіцызм стаў першаснай каштоўнасьцю ў самастойным выжываньні ірляндцаў і ў стварэньні імі незалежнай дзяржавы і застаецца галоўным незалежніцкім чыньнікам па сёньняшні дзень. Істотна ўзмацняла гэты чыньнік тое, што Ірляндыя разьмешчана на востраве, ня мае памежных суседзяў, акрамя Англіі (і ня мела іншых ворагаў, акрамя Англіі).

Беларусь жа — кантынетальная краіна, мяжуе з пяцьцю дзяржавамі. Абарона нацыянальнай тоеснасьці пасьля страты незалежнасьці ў канцы XVIІІ стагоддзя вялася на два канцы, па лініі Ўсход-Захад (надзвычай нязручная абарона для кансалідацыі грамадзтва).

У расейскім заборы Беларусь пацярпела канфэсійны крах. Была гвалтам ліквідаваная Вунія – аб’ядноўваючая канфэсія беларусаў. На сёньняшні дзень у Беларусі тры асноўныя хрысьціянскія канфэсіі, якія кіруюцца з чужых замежных цэнраў. Поўнасьцю адсутнічае агульнанацыянальны чыньнік канфэсійнай кансалідацыі. Наадварот, тут схаваная патэнцыяльная пагроза разлому грамадзтва, які ўсяляк хочуць справакаваць непрыяцелі беларускай незалежнасьці.

Беларускую нацыю, паўтаруся, кансалідуе найперш беларуская мова і адчыненая праз яе гісторыя (куды ўваходзяць таксама звычаі і традыцыі) і аб’ядноўвае нацыянальная дзяржава, заснаваная на гэтых кансалідуючых фактарах і нацыянальных інтарэсах. Вось падмурак і грунт, на якім стаім і можам быць.

Ліквідацыя беларускай мовы няўхільна спыніла б працэс нацыянальна-культурнага разьвіцьця, размыла б базу нацыянальнай лучнасьці грамадзтва. Застаўся б, аднак, фактар канфэсійнага падзелу, які абвастрыўся б з павелічэньнем расейскай экспансіі і вынішчэньнем усяго беларускага. Прытым працэс татальнага вынішчэньня ўсяго беларускага с таўся б непазьбежным, адбываўся б абавязкова (гэтак жа, як ідзе ён ужо цяпер, толькі тады шматкроць узмацніўся б), бо руская мова на Беларусі ня ёсьць нэўтральнай. Гэта мова агрэсіўнага боку, які мае прэтэнзіі на Беларусь, праводзіць палітыку інкарпарацыі і экспансіі, дзе сама руская мова зьяўляецца сродкам захопніцкай палітыкі.

Беларуская нацыя як супольнасьць у схеме рускай мовы ня можа існаваць. Яна прымусова асімілюецца, нішчыцца, зьнікае. Адпаведна зьнікае і беларуская дзяржава.

Уся гісторыя беларускага руху, нацыянальнага Адраджэньня і стварэньня беларускай дзяржавы – гэта перш за ўсё гісторыя барацьбы за ўсталяваньне беларускай мовы і адначасна – гэта гісторыя змаганьня з рускай мовай як з сродкам вынішчальнай вялікадзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі.

Таму агентурны тэзіс пра беларускую нацыю з рускай мовай – гэта русіфікатарскі анахранізм, адгалосак даўняй шавіністычнай канцэпцыі “западнорусізма” і на сёньняшні дзень проста глупства, такая ж заведамая фальш, як і “правы чалавека” без незалежнасьці пад акупацыяй, толькі сфармулявана ўсё на іншым узроўні.

Перад беларускай нацыяй і дзяржавай вялікі шлях. Шмат праблемаў і дзейнасьці вымагае аналізу і абагульненьня. Аднак цяперашняя рэчаіснасьць такая, што трэба вяртацца ізноў да таго, што зрабілі (ці чаго не зрабілі) сто гадоў таму, каб зноў пазнаць, паўтарыць ці растлумачыць, каб яшчэ раз разглядзець зьявы, што ўжо разгледжаныя, нават тыя, што не дыскутуюцца, пра што ўжо ў іншых месцах не гавораць. І тым ня менш, нам гэта трэба рабіць. Бо перарывалася цягласьць пакаленьняў і рух нацыянальнай гісторыі.

Нішто, ніякія цяжкасьці нацыянальнага лёсу ня мусяць спыняць поступ беларускай нашай хады. Крок за крокам, дзень за днём мы імкнемся наперад, адступаючы, вяртаемся і, пераганяючы, мы йдзем у нашу лепшую будучыню.

Зянон Пазьняк

Дадаць у: