НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ ГЭТА ЁСЬЦЬ ІСНАВАНЬНЕ НАЦЫІ
Выступ на Ўсебеларускім Зьезьдзе
29 ліпеня 2000 году
Паважаныя спадарыні і спадары, дэлегаты і госьці Ўсебеларускага Зьезду!
Для кожнага народу стварэньне незалежнай дзяржавы ёсьць сьведчаньне і сэнс гістарычнага разьвіцьця. Калі народ траціць дзяржаву і незалежнасьць, то яго гісторыя спыняецца. Страта гісторыі ёсьць сьмерць. Таму няма большай каштоўнасьці для нацыі, чым дзяржава і дзяржаўная незалежнасьць. Гэта ёсьць пытаньне свабоды і нявольніцтва, існаваньня і небыцьця. Альбо мы гаспадары, альбо — нявольнікі. Альбо мы ёсьць — альбо нас няма. Гонар і Бацькаўшчына — вось чым мусяць быць напоўненыя нашыя душы.
Дзеля вяртаньня свабоды і здабыцьця дзяржаўнай незалежнасьці мы, беларусы, змагаліся два стагоддзі. 25 сакавіка 1918 году аб’яўлена незалежнасьць БНР. Але Беларусь была адразу акупаваная і падзеленая з двух бакоў, бо не пасьпела стварыць свае ўзброеныя сілы.
Падсумоўкай беларускай барацьбы ў XX-м стагоддзі стаў акт аб Незалежнасьці Беларусі, прыняты 25 жніўня 1991 году. Яму папярэднічала прыняцьце Дэклярацыі “Аб суверэнітэце Беларусі” 27 ліпеня 1990 году. Гэтыя тры падзеі ёсьць вызначальныя этапы нашай 200-гадовай барацьбы. І нічога няма для нас важнейшага ў гісторыі XX-га стагоддзя.
Цяпер перад беларускай нацыяй зноў, як і ў 1918-м годзе паўстала задача абараніць незалежнасьць ад агрэсіі расейскага імпэрыялізму. Але калі 82 гады таму Незалежная Беларусь сутыкнулася з ваеннай агрэсіяй і акупацыяй зьнешняй, то цяпер мы маем справу з унутранай акупацыяй, якую праводзяць расейскія спэцслужбы праз рэжым Лукашэнкі.
Канцовая мэта гэтай палітыкі — поўная ліквідацыя дзяржаўнасьці Беларусі і зьнішчэньне беларускай нацыі.
Беларускія калябаранты з акупацыйным рэжымам не разумеюць, што з узмацненьнем акупацыі-інтэграцыі ўсе яны паступова будуць адхіленыя ад улады па этнічнай прыкмеце і потым ліквідаваныя. І апошнім у гэтым шэрагу стане сам Лукашэнка.
Гэты працэс ужо ідзе. Правіла такое, што здраднік нацыі заўсёды ёсьць закладнікам ворагаў Бацькаўшчыны. Рана ці позна надыходзіць час, калі здраднік робіцца непатрэбным. Дапамагаючы ворагу, здраднік капае сабе магілу. Тут адлюстраваны Боскі закон — нельга здраджваць. Нельга здраджваць Бацькаўшчыне.
Тыя ганарлівыя людзі, што першы раз здрадзілі Беларусі, калі вялі да ўлады Лукашэнку, былі першымі ж, выкінутыя з гэтае ўлады. Другі раз — яны здадзілі ўжо Лукашэнку. Трэці раз — яны зноў здраджваюць Беларусі, калі дамаўляюцца з расейцамі, каб коштам незалежнасьці Айчыны вярнуцца да ўлады. Так заканчваецца дарога сьляпых і замыкаецца кола здрады.
Трэба зламаць гэтае кола. Альтэрнатывай акупантам ёсьць мы, Беларусы. Не дэмакраты і не “супэрдэмакраты”, а мы — Беларускі Народ, мы — Беларуская Нацыя спынім акупацыю.
Беларусам пара даўно зрабіць высновы з гісторыі. Пакуль існуе Расея як вялікадзяржаўная каляніяльная сістэма — датуль будзе існаваць руская імпэрыялістычная палітыка. Сутнасьць гэтай палітыкі на захадзе — зьнішчыць Беларусь. Ня мае ніякага значэньня, якая будзе ўлада ў Расеі і хто будзе кіраваць імпэрыяй. Гэтая палітыка ўжо працягваецца сотні гадоў, і Расея не хавае сваёй мэты.
Расейскай акупацыйнай інтэграцыі мы мусім супроцьставіць нашу Беларускую Салідарнасьць і абарону Незалежнасьці Беларусі. Беларуская Салідарнасьць за Беларусь і Незалежнасьць — гэта вялікая сіла, пра магутнасьць якой шмат хто з нас не здагадваецца. Яна гуртуецца, вырастае і павялічваецца. Наш Усебеларускі Зьезд ёсьць сьведчаньне патрэбы такой салідарнасьці ў абароне Айчыны і адлюстроўвае беларускую волю мільёнаў людзей. Гэта грунт, ад якога залежыць выніковасьць нашага змаганьня і перамога.
Ніколі беларусы не аддадуць ужо сваёй свабоды, ня страцяць Незалежнасьці. Мы мусім быць гатовымі змагацца за Незалежнасьць Бацькаўшчыны ўсімі сродкамі, і калі на нас палезуць з войскам, — узяцца за зброю і зброяй бараніць Беларусь.
Беларусь была адпачатку і будзе найдалей вольнай, незалежнай дзяржавай, краінай працавітых гаспадароў, дзе ўсталюецца справядлівы лад, і ніякая нечысьць ня зможа пляваць нам у твар. Будзьма пэўныя і набліжайма гэты час!
Вітаю дэлегатаў Усебеларускага Зьезду!
Жыве Беларусь! Жыве вечна!
Зянон Пазьняк