Якія падзеі 2005 году найбольш значныя ў жыцьці краіны? Што было станоўчага і адмоўнага? Якія пэрспэктывы чакаюць Беларусь у найбліжэйшай будучыні? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.
Пазьняк: "У мінаючым годзе я ня бачу ніякіх значных падзеяў, якія б паўплывалі на дабро Беларусі. Не магу назваць нічога істотнага і з падзеяў у сьвеце, якія б мелі нейкі шырокі ўплыў ці вядомасьць. Людзі здрабнелі, здрабнелі і іх інтарэсы. Часам стыхія зямная, незалежна ад людзей, робіцца падзеяй большай, чым цяперашняя сацыяльная рэчаіснасьць. Напрыклад, сёлетні ўраган у Нью-Арлеане. Але людзі, як аказалася, ня здольныя нават гэты знак Боскі асэнсаваць, як належыць. Гэта ёсьць аблічча духоўнага рэгрэсу. Што датычыць будучага году, ёсьць шанцы, што ў 2006 годзе прамаскоўскі рэжым у Беларусі абваліцца. Але гэтыя шанцы трэба актыўна скарыстаць. Трэба толькі трошкі веры ў сябе, сьмеласьці і салідарнасьці. Таму хацеў бы пажадаць усяму беларускаму народу хутчэй стаць гаспадаром свайго лёсу і сваёй краіны. Любіце сваю зямлю і падтрымлівайце сваіх! Каб сталі мы ўсе ў сваім доме як адна сям’я. Гэтага і зычу сваім землякам у Новым годзе".
Сяргей Навумчык, Радыё "Свабода"