НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

Зянон ПАЗЬНЯК: КУРАПАТЫ — 2012 ГОД

Зянон ПАЗЬНЯК: КУРАПАТЫ — 2012 ГОД

Дарагія землякі, сябры!


Вітаю Вас у Дзень Дзядоў у Беларусі і шкадую, што не магу быць сярод Вас. У наступным годзе спаўняецца 25 гадоў з дня адкрыцьця Курапатаў. Тады гэтае адкрыцьцё скаланула ўсё грамадзтва і адсюль, з курапацкіх расстрэльных ямаў узьнялася наша нацыянальная воля. Быў створаны Народны Фронт, падняты сьцяг Беларускага Адраджэньня. Грамадзтва перамянілася і засьведчыла, што яно жыве, ня гледзячы на ноч камунізму. Адраджэньне, падтрыманае лепшымі людзьмі Беларусі прывяло да гістарычнай перамогі, за якую 200 гадоў змагаліся шматлікія пакаленьні беларусаў. 25 Жніўня 1991 года Беларусь здабыла дзяржаўную незалежнасьць.

Такая ёсьць сувязь паміж памяцьцю пра генацыд і свабодай. Адносіны да продкаў вызначаюць ступень жыцьцёвасьці грамадзтва.

Курапаты – гэта наш нацыянальны мартыралог і народны магільнік, дзе расейскія энкавэдзісты расстралялі, забілі і закапалі каля чвэрці мільёна нашых людзей. Цяпер гэта Народны Мэмарыял, дзе стаяць, прынесеныя на плячах, крыжы і па задуме ён мусіць быць вечным.

У барацьбе паміж сабой за ўладу маскоўскія камуністы вымушаныя былі раскрыць палову праўды і сказаць пра рэпрэсіі 30-х гадоў. Але ж гэта былі толькі словы, якія спасылаліся на агульнага кшталту дакуманты і не абапіраліся на рэчавыя доказы.

У Курапатах намі былі знойдзены гэтыя рэчывыя доказы генацыду, выяўленыя рэшткі забітых простых людзей, трупы ахвяраў, гільзы і кулі энкавэдзістаў. Гэта ёсьць непасрэдная ўліка масавага забойства, неабвержная падстава для рэальнага суду над расейскім камунізмам за злачынствы супраць чалавецтва.

Вось чаму так шалеюць гэбісцкія ўлады ў Маскве і Беларусі ў нянавісьці да праўды пра гэтае трагічнае месца. І пакуль будзе стаяць пуцінская Масква і сьмярдзець лукашысцкі рэжым, датуль яны будуць старацца зьнішчыць і абылгаць Курапаты, будуць хлусіць, пляваць у нашу народную памяць, пракладваць аўтастрады праз могілкі, будаваць вакол Курапат бардэлі і рэстараны, рынкі ды казіно, ладзіць забавы і гандаль сьпіртным. Ім ужо цяжка нас зьесьці, дык хочацца пакусаць.

Але заклікаю: змагаймася супроць гэтай дрэні, не давайма ёй сядаць людзям на галаву. Каб дрэнь адпрэчыць, дастаткова толькі нашай калектыўнай народнай волі.

Хлусьня вакол Курапатаў точыцца грубая і вытанчаная, хітрая і шматаблічная. У афіцыйных дакумантах стараюцца нават не пісаць слова «Курапаты», прыводзяць фальшывыя лічбы расстраляных, спасылаючыся на фальшывых «спэцоў», імкнуцца заблытаць факты, выдумваюць неіснуючыя падзеі, ствараюць кур’ёзную міфалогію з мэтай канфліктаў і непаразуменьняў. Нядаўна адна такая асоба паведаміла, што група расейскага Мэмарыялу ў Беларусі заплянавала паставіць крыж у Курапатах у памяць «афіцэраў польскага войска, расстраляных у Беларусі».

Як адкрывальнікк, дасьледчык і кіраўнік археалагічнага дасьледваньня Курапатаў у 1988 годзе нагадваю, што на сёньняшні дзень няма абсалютна ніякіх падставаў і абсалютна ніякіх археалагічных фактаў, якія б давалі нагоду меркаваць, што ў Курапатах «расстраляныя афіцэры польскага войска» (і ўвогуле якія-небудзь вайсковыя асобы чыйго-небудзь войска). Тут знойдзеныя трупы толькі выключна цывільных людзей, і ў асноўным – бедных сялян, абутых у галёшы і клееныя гумовыя бахілы.

Словы аб расстрэлах вайскоўцаў выглядаюць нядобрай правакацыяй, ськіраванай на скандальную навіну. Нельга выключаць, што такое злачынства магло адбыцца і, магчыма, што будучыня прыадчыніць заслону няведаньня і таямніцы, але на сёньняшні дзень фактаў вайсковых расстрэлаў у Курапатах няма.

Вельмі стараецца кантора і нашчадкі НКВД заблытаць людзей адносна колькасьці расстраляных у Курапатах. Яны, відаць, думаюць, што калі будзе менш трупаў, то і меншым будзе злачынства. Таму яны спасылаюцца на думкі-меркаваньні розных асобаў. Але гэтыя думкі і меркаваньні асобаў ёсьць суб’ектыўныя, бо асобы не дасьледвалі магілы ў Курапатах.

Існуюць дзьве лічбы колькасьці расстраляных у Курапатах. Адна лічба юрыдычная, другая – навуковая. Абедзьве правільныя ў межах сваіх мэтодык. Але толькі адна ёсьць адпаведная для статыстыкі. Згодна юрыдычнага падыходу па крымінальнай справе, улічваецца толькі тое, што рэальна знойдзена на дне магілаў. Адкрытая колькасьць парэшткаў была памножаная на колькасьць выяўленых тады пахаваньняў і атрымана лічба ў сярэднім – 30 тысячаў забітых.

Навуковая лічба заснавана на археалагічнай мэтодыцы, зь якой вынікае, што запоўненыя даверху трупамі магілы былі ў канцы 1940-х гадоў раскапаныя на глыбіню да двух мэтраў, і косьці зь іх вынятыя. Засталіся толькі ніжнія пласты ахвяраў. Улічваючы выемку, і, зыходзячы з археалагічнай мэтодыкі падліку, вынікае, што за пяць гадоў штодзённых і штоночных расстрэлаў у Курапатах закапана да двухсот пяцідзесяці тысяч расстраляных людзей. Вось гэта ёсьць тая страшная статыстыка, якая ўкладваецца ў мільёны забітых і зьніклых беларусаў (і ня толькі беларусаў) за часы генацыду і расейска-бальшавіцкага панаваньня.

Сёньня я палічыў сваім абавязкам нагадаць тут, у Курапатах, пра гэтыя даўно вядомыя факты, бо пры акупацыйным рэжыме заўсёды існуе і множыцца хлусьня.

Шануйма пакутныя магілы нашых продкаў. Аберагайма іх ад вандалаў і цемры. Памятайма пра генацыд. Гэтая памяць падказвае нам, што ўвесь час неабходна думаць і, калі трэба, — змагацца за нацыянальнае існаваньне і будучыню народа. Гэтая памяць высьвятляе нам, дзе ёсьць небясьпека і чаго трэба асьцерагацца, каб ня страціць жыцьцё і мець будучыню. У Дзень Дзядоў засяродзімся на ўсім гэтым, задумаемся над нашай гісторыяй, трагедыяй і славай, ухвалім нашых вечных Дзядоў, падтрымаем сваіх і дапаможам сабе.

28 кастрычніка 2012 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: